BE RU EN

Юлія Цімашэнка: Нашая каманда, як ніхто, гатовая да дзеянняў

  • 21.07.2019, 12:15

Лідарка «Бацькаўшчыны» сышла ад адказу на пытанне, ці гатовая яна ўзначаліць ўкраінскі ўрад.

Лідарка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка прагаласавала на пазачарговых выбарах у Вярхоўную Раду ў нядзелю і заявіла, што ейная палітычная сіла гатовая неадкладна прыступіць да рэалізацыі сваёй праграмы і стратэгіі развіцця Украіны, паведамляе interfax.com.ua.

«Я думаю, што нашая каманда, як ніхто, гатовая да дзеянняў. У нас ёсць праграма і стратэгія развіцця Украіны, і наша каманда гатовая брацца за працу неадкладна», - сказала Цімашэнка журналістам у нядзелю ў Кіеве пасля галасавання.

Лідарка «Бацькаўшчыны» ўхілілася ад адказу на пытанне, ці гатовая яна ўзначаліць украінскі ўрад. «Сёння ніхто не ведае, хто будзе будучым прэм'ер-міністрам», - адзначыла Цімашэнка.

Адказваючы на пытанне, як можна скончыць ваенныя дзеянні на Данбасе, Цімашэнка сказала: «Каб скончыць вайну на ўсходзе Украіны трэба, каб украінская ўлада найперш не выкарыстоўвала вайну для ўзбагачэння. Наша каманда дакладна ведае, што трэба аднавіць перамоўны працэс у Будапешцкім фармаце».

Паводле ейных слоў, толькі такая форма перамоў можа даць вынікі і «вярнуць Украіне і Крым, і Данбас, і аднавіць мір».

Палітык таксама падкрэсліла, што дыпламатыя можа быць эфектыўнай толькі ў адным выпадку - з моцным непераможным войскам.

«Краіне трэба сяброўства ў NАТО, сяброўства ў Еўрапейскім Звязе», - падкрэсліла Цімашэнка.

Апошнія навіны