BE RU EN

Прэм'ер Малдовы распавяла аб магчымым аб'яднанні з Румыніяй

  • 18.07.2019, 14:24

Блізу 25% грамадзян Малдовы выступаюць за аб'яднанне з краінай-суседкай.

Прэм'ер-міністр Малдовы Мая Санду распавяла аб магчымым аб'яднанні яе краіны з Румыніяй. На яе думку, такая пастанова павінна прымацца на агульнанацыянальным рэферэндуме, але пакуль што гаворка пра гэта не вядзецца, паведамляе «Нямецкая хваля».

Падчас прэс-канферэнцыі ў Берліне журналісты задалі Санду пытанне пра тое, наколькі рэальнае аб'яднанне Малдовы і Румыніі.

Са слоў прэм'ера, значная частка грамадзян Малдовы - паводле апытанняў, блізу 25% - выступаюць за аб'яднанне з Румыніяй і нават патрабуюць гэтага. Больш за тое, ёсць і партыі, якія дзейнічаюць у гэтым кірунку, запэўніваючы, што толькі аб'яднанне з Румыніяй можа кардынальным чынам палепшыць сітуацыю ў Малдове.

«Але мы разумеем, што прымаць пастанову з гэтай нагоды павінны не палітычныя партыі, а ўсё насельніцтва краіны шляхам рэферэндуму», - рэзюмавала Санду.

Мая Санду наведала Берлін 16 ліпеня.

Апошнія навіны