BE RU EN

Пасля аварыі на АЭС у Расеі павысіўся радыяцыйны фон у Віцебску

  • 18.07.2019, 13:00

Атрыманыя афіцыйныя звесткі ад спецыялістаў Белгідрамета.

На Калінінскай атамнай электрастанцыі ў Цвярской вобласці Расеі адключылі тры энергаблокі з чатырох з прычыны кароткага замыкання. «Пашкоджанняў абсталявання на самой станцыі няма», паведамляюць расейскія СМІ.

Калінінская АЭС знаходзіцца амаль за 360 кіламетраў ад беларуска-расейскай мяжы каля горада Удомля. Электрастанцыю ўвялі ў эксплуатацыю ў траўні 1984 года. Агульная магутнасць чатырох энэргаблокаў АЭС - 4000 мегават, паведамляе «Радыё Свабода».

Што адбылося?

Першы, другі і чацвёрты энэргаблокі адключылі дзеяннем абароны а 05:02 па маскоўскім часе. Сумарнае прыніжэнне працоўнай магутнасці станцыі ў выніку склала 3 ГВт.

Ніякіх наступстваў для спажыўцоў электраэнэргіі пасля спынення блокаў не назіраецца. Падачу электрычнасці аднавілі за кошт рэзерваў.

Энэргаблокі аддзяліліся ад сеткі з прычыны адключэння лініі электраперадачы, якое адбылося ў выніку кароткага замыкання на адным з выключальнікаў трансфарматара, паведамляе ТАСС са спасылкай на «Расэнэргаатам».

Са слоў канцэрна, адключэнне энэргаблокаў ад сеткі «не звязана з работай асноўнага абсталявання станцыі».

У дыспетчарскай службе станцыі адзначылі, што чацвёрты блок адключылі з прычыны прарыву ўшчыльняльніка кандэнсатара турбіны №2.

Ці змяніўся радыяцыйны фон?

У Расеі радыяцыйны фон знаходзіцца ў норме.

Радыяцыйны фон у параўнанні з 17 ліпеня павялічыўся толькі ў Віцебску на 1 мікрарэнтген у гадзіну і склаў 11 мікрарэнтген у гадзіну, сказаў «Радыё Свабода» дзяжурны сіноптык Белгідрамета. Аднак, з яго слоў, з практыкі шматгадовых вымярэнняў, перавышэнне радыяцыйнага фону да 20 мікрарэнтген у гадзіну «не выклікаюць асцярог». У іншых населеных пунктах Віцебшчыны радыяцыйны фон складае 10 мікрарэнтген у гадзіну.

Калі энергаблокі падключаць да сеткі?

Паводле інфармацыі ТАСС, тры адключаныя энэргаблокі могуць падключыць да сеткі 19 ліпеня. Гэта адбудзецца пасля высвятлення прычын інцыдэнту на станцыі.

Апошнія навіны