BE RU EN

Раса Юкнявічэне: Крэмль спрабуе сказіць і перапісаць гісторыю

  • 15.07.2019, 16:46

Улада цяперашняй Расеі - «годная» спадчынніца СССР.

Пастанову Расеі «адзначыць» салютамі вызваленне Вільні, Коўна і іншых гарадоў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы сайту Charter97.org пракаментавала еўрапарламентарый ад партыі кансерватараў Літвы Раса Юкнявічэне.

- Што вы думаеце пра планы Крамля адзначыць вайсковымі салютамі «вызваленне» літоўскіх гарадоў ад нямецкіх войскаў у час Другой Сусветнай вайны?

- Салюты, якія ў Крамлі вызначылі арганізаваць з нагоды так званага «вызвалення» Літвы войскамі Чырвонай арміі ад Вермахта - гэта прадаўжэнне наратываў, у якія Масква спрабуе прымусіць верыць, па-першае, увесь свет, а па-другое, сваіх уласных грамадзян.

- Раскажыце пра такія наратывы?

- Напрыклад, што Чырвоная армія «вызваліла» краіны Балтыі ад фашызму і таму Літва, Латвія і Эстонія павінны радавацца і быць шчаслівыя, таму, што яны зрабілі ласку нас вызваліць. Мы не адмаўляем і выдатна разумеем усе жахі фашызму, але савецкі перыяд акупацыі для жыхароў нашай краіны быў ані не лягчэйшым. Для нас, літоўцаў, гэта была другая акупацыя і таму ў нас зусім іншы пункт гледжання на «свабоду», якую на сваіх штыках прынеслі жаўнеры Чырвонай арміі.

Крэмль жа, пры дапамозе такіх акцый, як салюты, проста спрабуе сказіць і перапісаць гісторыю. Тое, што я назіраю цяпер, на маю думку, з'яўляецца прадаўжэннем гістарычных практык Савецкага Саюза.

Кіраўнікі Савецкага Саюза або Расейскай Федэрацыі могуць казаць што заўгодна і спрабаваць як ім хочацца перапісаць гісторыю, але мы, літоўцы, цудоўна ведаем, як усё адбывалася напраўду. Усе іх спробы асуджаныя на правал. І фашысты, і камуністы для нас былі, ёсць і будуць агрэсарамі.

- Гэта значыць, салют з нагоды «вызвалення» літоўскіх гарадоў - паказуха для сваіх, грамадзян Расейскай Федэрацыі?

- Яны робяць гэта не толькі для сваіх, гэта паказуха і для нас і іншых заходніх краін.

- Як Літве трэба адказаць на дыпламатычны выпад Крамля?

- На такія правакацыі трэба адказваць кожны раз, але спакойна і без істэрыкі. Адказваць праўдай пра тое, як было насамрэч. Праўдай, якая лепш за ўсё разбурае тоны хлусні крамлёўскай прапаганды. Маўчаць мы не можам і не павінны, бо такая прапаганда, якую Крэмль спрабуе прадставіць як праўду, нацэленая на тое, каб падарваць асновы нашай дзяржаўнасці. Цалкам відавочна, што цяперашняя Расея «годная» спадчынніца агрэсіўнага Савецкага Саюза.

- Калі ў Крамлі святкуюць «вызваленне», а напраўду акупацыю краін Балтыі, то, мажліва, Літве, напрыклад, варта адсвяткаваць бітву пад Воршай, калі літоўска-польскія войскі перамаглі войска расейскага цара Васіля III?

- Вядома можна, але мне здаецца, што нам не варта пачынаць пышна адзначаць ваенныя перамогі. Літоўцы людзі мірныя, у нас ёсць ужо сталыя святы... Хоць, было б нядрэнна пазнаёміць свет з гісторыяй Літвы.

Апошнія навіны