BE RU EN

Расеі далі апошні шанец захаваць ядзерную дамову з ЗША

  • 15.07.2019, 12:42

У адваротным выпадку Крэмль панясе аднаасобную адказнасць.

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг чарговы раз заклікаў Расею захаваць Дамову аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і малой далёкасці (ДРСМД).

Пра гэта ён напісаў у артыкуле для Frankfurter Allgemeine Zeitung, паведамляе "Еўрапейская праўда".

"У адваротным выпадку Расея панясе аднаасобную адказнасць за заключэнне дамовы з тым вынікам, што свет для ўсіх нас стане менш стабільным", – заявіў Столтэнберг.

Ён заклікаў Расею "скарыстацца апошнім шанцам".

У нядзелю Еўразвяз таксама заклікаў Расею не дапусціць спынення дзеяння ДРСМД.

Нагадаем, 3 ліпеня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб прыпыненні Расеяй дзеяння дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці.

Восенню 2018 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Расея парушае ўмовы ДРСМД, і ў гэтай сітуацыі яе захаванне не выгоднае Злучаным Штатам. У снежні дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа высунуў ультыматум Расеі, запатрабаваўшы цягам 60 дзён знішчыць або мадыфікаваць ракету 9М729, што, як сцвярджаюць у Вашынгтоне, паводле сваіх паказнікаў парушае ДРСМД.

2 лютага Злучаныя Штаты спынілі свае абавязальніцтвы ў Дамове і пачалі працэс выхаду з яе. Калі Расея не вернецца да выканання ўмоваў пагаднення, працэс выхаду закончыцца праз шэсць месяцаў, гэта значыць 2 жніўня. Расея адмаўляла ўсе абвінавачванні ЗША.

Апошнія навіны