BE RU EN

Расшыфраваная ДНК дапамагла навукоўцам разгадаць яшчэ адну таямніцу неандэртальцаў

  • 14.07.2019, 13:52

Гэта змяняе ўяўленні пра засяленне Еўропы чалавекам.

ДНК, вылучаная з парэшткаў еўрапейскіх неандэртальцаў, якім 120 000 гадоў, сталася генетычна бліжэйшай да еўрапейскіх неандэртальцаў, якія жылі 40 000 гадоў таму, чым да сібірскіх неандэртальцаў-сучаснікаў, піша echo.msk.ru.

Палеагенетычнае даследаванне, у якім атрымалася дайсці да продкаў неандэртальскай лініі, правёў Стэфан Пейран (Stéphane Peyrégne) з калегамі з Інстытута эвалюцыйнай антрапалогіі Макса Планка ў Лейпцыгу (Max Planck Institute for Evolutionary Anthropology), вынікі апублікаваныя ў часопісе Science Advances. Да гэтага часу генетычныя сувязі паміж раннімі неандэртальцамі заставаліся загадкай.

Група пад кіраўніцтвам Пейрана вылучыла ДНК з сцегнавой косткі дарослага неандэртальца, якая была знойдзеная ў пячоры Холенштайн-Штадэль у Нямеччыне, а таксама з верхняй сківіцы і зуба неандэртальскага дзіцяці, знойдзеных у бельгійскай пячоры Складына. Паводле словаў Пейрана, якія прыводзіць Science News, атрыманыя звесткі дазваляюць асэнсаваць ранейшыя адкрыцці ў сібірскай Дзянісавай пячоры.

Гаворка ідзе пра нядаўняе адкрыццё гібрыднага індывіда, які жыў у гэтай пячоры 90 000 гадоў таму: ягоны бацька быў дзянісаўцам, а маці неандэрталкай. Высветлілася, што ў неандэртальскай лініі гэтая асобіна была бліжэйшай да еўрапейскіх неандэртальцаў, чым да неандэртальцаў, якія жылі тут сама ў Сібіры 120 000 гадоў таму. У святле новых звестак Пейран мяркуе, што некаторыя еўрапейскія неандэртальцы павінны былі ў інтэрвале ад 120 000 да 90 000 гадоў таму міграваць на ўсход і хоць бы збольшага выцесніць неандэртальцаў, якія ўжо дайшлі да Сібіры.

«Мы ўпершыню ўбачылі неандэртальцаў Еўропы ў працяглым перыядзе часу», падкрэсліў сутнасць даследавання Пейран у каментары для New Scientist. Аўтары працавалі як з ядзернай ДНК, спадкаванай ад абаіх бацькоў, так ДНК мітахандрыяльнай, якая перадаецца толькі ад маці.

Было вядома, што мітахандрыяльны геном неандэртальца з Холенштайн-Штадэля не такі, як у астатніх неандэртальцаў, што можа быць вынікам скрыжавання з генетычна аддаленымі гамінінамі. У якасці партнёрак неандэртальцаў меркаваліся жанчыны нашага выгляду – раннія выхадкі з Афрыкі. Але на падставе аналізу, праведзенага ў новай працы, навукоўцы схіляюцца да думкі, што нечаканая матчына лінія магла з’явіцца ў выніку скрыжавання з нейкай невядомай ізаляванай неандэртальскай папуляцыяй. У прамежку ад за 130 000 да 190 000 гадоў таму Еўропа была пакрытая ледавіком, і, магчыма, нейкія папуляцыі апынуліся ў гэты час адрэзанымі ад астатніх», адзначае Пейран. Навіны сусветнай навукі вы знойдзеце таксама на старонцы нашай праграмы ў газеце навуковай супольнасці «Пошук».

Апошнія навіны