BE RU EN

З'явіліся новыя звесткі пра захопленага СБУ «камандзіра СПА» баевікоў на Данбасе

  • 10.07.2019, 9:27

Гэта можа сур'ёзна паўплываць на расследаванне справы «Боінга» MH17.

Нядаўна затрыманы ў Снежным Службай бяспекі Украіны "камандзір СПА" баевікоў тэрарыстычнай арганізацыі ДНР Уладзімір Цемах можа быць датычны да трагедыі пасажырскага Boeing рэйсу MH17, паколькі быў сведкам гэтых падзей. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе даследчай групы Bellingcat, апублікаваным 9 ліпеня, паведамляе liga.net.

Эксперты падкрэслілі, што арышт Цемаха можа істотна паўплываць на расследаванне аб'яднанай следчай групы JIT.

У інтэрв'ю ў 2015 годзе Цемах заявіў, што дапамагаў схаваць ЗРК "Бук" і чальцоў ягонага экіпажу.

«Незалежна ад ягонай фактычнай ролі 17 ліпеня 2014 года, арышт Цемаха можа істотна паўплываць на расследаванне JIT і судовую працэдуру. Калі ягоныя заявы 2015 года пра тое, што ён дапамог схаваць ракетную ўстаноўку "Бук" і частку яе экіпажу 17 ліпеня 2014 года, акажуцца праўдай, гэта зробіць яго ключавым сведкам JIT і, магчыма, абвінавачаным паводле падазрэння ў суўдзеле», – гаворыцца ў дакладзе.

Пакуль Цемах – першы затрыманы баявік, які меў прамую сувязь з ваеннымі аперацыямі тэрарыстаў на месцы падчас збіцця самалёта, што, на думку даследчыкаў, магло б "умацаваць легітымнасць судовага разбору ў Нідэрландах".

У матэрыяле Bellingcat адзначаецца, што ёсць дастаткова адкрытых крыніцаў і сведчанняў таго, што Цемах камандаваў падраздзяленнем СПА падчас збіцця MH17.

Эксперты прыводзяць у якасці прыкладу старонку Цемаха ў расейскай сацсетцы "Аднакласнікі", дзе ёсць сведчанні таго, што баявік служыў у падраздзяленні супрацьпаветранай абароны прынамсі 24 жнiўня 2014 года, бо на фотаздымках, загружаных у гэты дзень, яго можна ўбачыць з зенітнай гарматай ЗП-23.

Пра затрыманне Цемаха паведаміла Расейская служба ВВС са спасылкай на дачку і адваката затрыманага. Баевіка нібыта затрымалі ў акупаваным Снежным і невядомым спосабам пераправілі на падкантрольную Украіне тэрыторыю.

Апошнія навіны