Кіраўнік СК: Экспэртызы пацвярджаюць суіцыд інспектара ДАІ ў Магілёве
- 4.06.2019, 12:12
Калі версія СК канчаткова пацвердзіцца, справа будзе закрытая.
Кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч распавёў аб ходзе расследавання смерці магілёўскага супрацоўніка ДАІ. Бацькі хлопца, нагадаем, не згодныя з афіцыйнай версіяй пра самагубства і распавядалі журналістам, што ў «справе шмат дзіўнага», яны будуць намагаць на эксгумацыі, паведамляе tut.by.
- Да нас бацькі з просьбай аб эксгумацыі не звярталіся, - заявіў Іван Наскевіч. - На жаль, у нас ужо былі выпадкі нагнятання абстаноўкі, калі «падбівалі» блізкіх. Зразумела, што бацькам цяжка змірыцца з тым, што іх дзіця скончыла жыццё самагубствам.
Са слоў кіраўніка СК, версія самагубства застаецца прыярытэтнай.
- Акрамя таго, у апошнія дні атрыманыя высновы шэрагу экспэртыз, якія ўмацоўваюць нас у нашай пазіцыі, што менавіта так і адбылося, - заявіў Іван Наскевіч.
Са слоў старшыні Следчага камітэта, пры гэтым адпрацоўваецца некалькі версій здарэння.
- Бо ў першы дзень пра самагубства гаворкі наогул не ішло. Такая сітуацыя была першапачаткова, што мы аслупянелі. Даўно не было такіх НЗ, каб супрацоўніка міліцыі забівалі пры такіх абставінах, - адзначыў кіраўнік установы.
Ён дадаў, што была створана вялікая аператыўная група, з цэнтральнага апарата найлепшыя супрацоўнікі СК былі накіраваныя ў Магілёў. Спачатку яны расследавалі «наўмыснае забойства», але затым прыярытэтная версія стала іншай. У СК плануюць цягам двух месяцаў расследаваць крымінальную справу. Калі версія самагубства пацвердзіцца, справа будзе закрытая.
Увечары 16 траўня, нагадаем, з'явілася паведамленне аб тым, што ў Магілёве выкрадзены супрацоўнік міліцыі. Увесь асабовы склад міліцыі Магілёўскай вобласці паднялі на трывогу, на дарогах усёй краіны выставілі блок-пасты. Шукалі чорную «Волгу» з расейскім рэгістрацыйным нумарам. Паводле першапачатковай версіі, супрацоўніка ДАІ ў чорную «Волгу» заштурхалі трое невядомых асоб цыганскага або каўказскага выгляду ў мікрараёне Чапаеўка і вывезлі ў невядомым кірунку. Праз некалькі гадзін стала вядома, што цела зніклага лейтэнанта Яўгена Патаповіч знайшлі ў лесе. Афіцыйна паведамлялася аб агнястрэльнай ране галавы.
20 траўня СК паведаміў, што асноўная версія гібелі супрацоўніка ДАІ ў Магілёве - суіцыд.
Пазней аб гэтай версіі як адзінай прыярытэтнай заявіў і кіраўнік МУС Ігар Шуневіч.