BE RU EN

Леанід Заіка: Людзі ва ўладзе прымітыўныя

  • 4.06.2019, 8:22

Эканаміст іранічна ўспрыняў вяртанне Сямашкі ў статус віцэ-прэм'ера.

30 траўня Лукашэнка надзяліў амбасадара ў Расеі Уладзіміра Сямашку паўнамоцтвамі віцэ-прэм'ера. 2 чэрвеня ў Менск прыляцеў новы амбасадар РФ Дзмітрый Мезянцаў.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка ў каментары UDF.BY пракаментаваў гэтыя падзеі.

«Амбасадар - гэта чалавек богабаязны, абсалютна залежны. На яго даносяць усе: дыпламаты, рэзідэнты выведкі, медыйнікі, таму ён павінен паводзіць сябе як добры хлопец. Мезянцаў - звычайны наменклатуршчык, нічога асаблівага ён тут рабіць не будзе», - мяркуе Заіка.

З нагоды прысваення новага статусу Уладзіміру Сямашку эканаміст адзначыў, што такім чынам Менск хоча дамагчыся, каб у Маскве да амбасадара ставіліся з вялікай увагай і павагай.

«Нашы чыноўнікі і міністры ў Маскве сядзяць у прыёмных гадзінамі, чакаючы запрашэння калег. Іх наогул не ўспрымаюць - вось зноў прыехалі просьбіты з маленькай краіны. Але так і ёсць напраўду», - сказаў Заіка.

На ягоную думку, «мітусня» з перапрызначэннем канкрэтных вынікаў для беларускай стараны яна наўрад ці прынясе.

«Сямашка - не новы і не малады ўжо чалавек. Калі б яго прызначылі прадстаўніком у пенсійны фонд Расеі, я б яшчэ задумаўся, які будзе вынік. А так якая карысць? Усё адно ён застаецца прадстаўніком краіны, у якой 40 мільярдаў даляраў замежнай завінавачанасці», - мяркуе кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія».

«Інтэграцыю вызначае наяўнасць навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і сучасных супольных прадпрыемстваў. А паколькі людзі ва ўладзе прымітыўныя, то яны думаюць, што абмен таварамі - гэта і ёсць інтэграцыя. Але таварамі абменьваліся яшчэ ў XIV стагоддзі. А хто з беларускіх ВНУ абменьваецца студэнтамі? Ніхто. Якія ёсць магутныя супольныя прадпрыемствы з сучаснымі тэхналогіямі? Ніякіх», - адзначыў эканаміст.

Апошнія навіны