BE RU EN

Столтэнберг: NATO рыхтуе адказ, калі РФ не вернецца да ядзернай дамовы

  • 27.06.2019, 9:59

Міністры краінаў Альянсу разгледзелі патэнцыйныя захады.

NATO разглядае шляхі ўмацавання абароны супраць пагрозы новых расейскіх ракетных сістэмаў, калі Расея да жніўня не вернецца да выканання Дамовы пра ліквідацыю ракетаў сярэдняй і меншай далёкасці.

Як паведамляе "Еўрапейская праўда", пра гэта заявіў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг паводле вынікаў першага дня міністэрскай сустрэчы ў Брусэлі.

"Расейскія ракеты SSC-8 парушаюць дамову і ўяўляюць з сябе істотную пагрозу для нашай бяспекі. Сёння міністры пагадзіліся, што NATO адкажа, калі Расея не вернецца да захавання дамовы", – сказаў Столтэнберг.

Паводле ягоных словаў, міністры разглядалі патэнцыйныя захады NATO, як: праграма вучэнняў, а таксама выведка і назіранне; умацаванне паветранай і супрацьракетнай абароны; бяспека і эфектыўнасць праграмы ядзернага стрымлівання.

"Міністры пацвердзілі сёння, што мы не маем намеру размяшчаць новыя наземныя ядзерныя ракеты ў Еўропе. Мы не будзем адлюстроўваць тое, што робіць Расея. Мы не хочам новай гонкі ўзбраенняў", – дадаў генеральны сакратар.

Раней Столтэнберг заявіў, што ў Расеі ёсць час да 2 жніўня, каб вярнуцца да захавання дамовы і знішчыць свае крылатыя ракеты, што парушаюць гэты дакумент.

Нагадаем, 18 чэрвеня ў Расеі прынялі прэзідэнцкі закон пра спыненне дзеяння Дамовы аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і малой далёкасці.

Як вядома, восенню 2018 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Расея парушае ўмовы ДРСМД, і ў гэтай сітуацыі ягонае захавання невыгоднае Злучаным Штатам. У снежні дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа высунуў ультыматум Расеі, запатрабаваўшы цягам 60 дзён знішчыць або мадыфікаваць ракету 9М729, што, як сцвярджаюць у Вашынгтоне, паводле сваіх паказнікаў парушае ДРСМД.

2 лютага Злучаныя Штаты спынілі свае абавязальніцтвы паводле Дамовы і пачалі працэс выхаду з яе. Калі Расея не вернецца да выканання ўмоваў пагаднення, працэс выхаду закончыцца праз шэсць месяцаў.

Расея адмаўляла ўсе абвінавачванні ЗША.

Апошнія навіны