Канстытуцыйны суд Малдовы сышоў у адстаўку ў поўным складзе
- 26.06.2019, 16:50
Гэтага патрабавала прэм'ерка краіны Мая Санду.
Канстытуцыйны суд Малдовы ў сераду, 26 чэрвеня, падаў у адстаўку ў поўным складзе.
Як паведамляе "Еўрапейская праўда", пра гэтую пастанову паведаміла прэс-служба суда.
Адміністрацыйныя абавязкі кіраўніка суда будзе выконваць суддзя Вячаслаў Запаражан, пакуль не выберуць новага старшыню.
"Уладам будзе паведамлена пра спыненне паўнамоцтваў суддзяў і вакантныя месцы ў Канстытуцыйным судзе, каб кампетэнтныя органы маглі выбраць кандыдатаў", – паведамляе прэс-служба.
Старшыня суда Міхай Паалелунж падаў у адстаўку яшчэ 20 чэрвеня.
Нагадаем, 7–9 чэрвеня Канстытуцыйны суд Малдовы прыняў шэраг пастановаў, якія прывялі да палітычнага крызісу ў Малдове і фактычнага дваяўладдзя ў краіне.
Сярод іншага, суд прызнаў неканстытуцыйным абранне кіраўніцтва малдаўскага парламента і галасаванне за новы ўрад. Таксама ён часова адхіліў прэзідэнта Дадона, каб в.а. прэм'ера паводле версіі дэмпартый Павел Філіп мог прызначыць датэрміновыя выбары.
Пасля пад ціскам грамадскасці і палітыкаў суд пастанавіў скасаваць гэтыя супярэчлівыя пастановы.
Аднак гэта не задаволіла новую ўладу Малдовы: прэм'ерка Мая Санду заклікала ўсіх суддзяў суда падаць у адстаўку.
Эксперты Венецыянскай камісіі прыйшлі да высновы, што ў Малдове не было падставаў для роспуску парламента, а Канстытуцыйны суд парушыў свае працэдуры і не кіраваўся Канстытуцыяй пры прыняцці пастановаў.