У Грузіі аднавіліся пратэсты ля будынка парламента
- 25.06.2019, 21:18
Дэманстранты перакрылі рух транспарту па праспекце Руставелі.
У аўторак, 25 чэрвеня, тысячы жыхароў Грузіі чарговым разам выйшлі на акцыі пратэсту ля будынка парламента ў Тбілісі. Пра гэта паведамляе РБК.
Як паведамляецца, каля будынка грузінскага парламента ў Тбілісі сабралася блізу 2 тысяч пратэстоўцаў. Дэманстранты перакрылі рух транспарту па праспекце Руставелі.
Пратэстоўцы працягваюць патрабаваць адстаўкі міністра ўнутраных спраў Грузіі Георгія Гахарыя праз сілавы разгон дэманстрацыі ў ноч на 21 чэрвеня. Таксама патрабаваннем маніфестантаў з'яўляецца вызваленне ўсіх затрыманых падчас папярэдніх акцый пратэсту.
Пратэсты ў Грузіі пачаліся 20 чэрвеня праз выступ у парламенце расейскага дэпутата, сябра Камуністычнай партыі РФ Сяргея Гаўрылава. У ноч на 21 чэрвеня сілавікі ўчынілі спробу разгону дэманстрацый у выніку чаго некалькі сотняў чалавек пацярпелі і былі затрыманыя. Пасля гэтага спікер грузінскага парламента Іраклій Кабахідзе абвясціў пра сваю адстаўку.
Нагадаем, раней паведамлялася, што ў Грузіі прызначылі новага спікера парламента пасля адстаўкі Іраклія Кабахідзе. Грузінскі парламент узначаліў прадстаўнік партыі «Грузінская мара» Арчыл Талаквадзе.
Раней, у Грузіі адхілілі ад пасады 10 паліцэйскіх праз магчымы ўдзел у разгоне пратэстоўцаў каля парламента 20-21 чэрвеня. Таксама Міністэрства ўнутраных спраў пачало расследаванне што да паводзін праваахоўнікаў.