BE RU EN

Генпракуратура пра аблаву на цыганоў: Усё паводле закону

  • 25.06.2019, 17:36

Аляксей Стук апраўдаў дзеянні беларускай міліцыі.

Намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук расказаў пра вынікі праверкі дзеянняў міліцыі ў Магілёўскай вобласці пасля знікнення супрацоўніка ДАІ Патаповіча 16 траўня. "У супрацоўнікаў міліцыі былі поўныя падставы такім чынам масава правяраць прадстаўнікоў цыганскай дыяспары – як кажуць, адпрацоўваць. Вы ведаеце, якую смску скінуў Патаповіч", – сказаў Стук на прэс-канферэнцыі 25 чэрвеня, паведамляе "Еўрарадыё".

Паводле ягоных словаў, пракуратура "амаль адразу правяла праверку ў дачыненні да якіх-небудзь незаконных дзеянняў (перавышэнне ўлады і іншае) да прадстаўнікоў цыганскай дыяспары – парушэнні не выяўленыя".

Намгенпракурора апавёў, што пракуратура выявіла толькі нязначныя працэсуальныя парушэнні з боку супрацоўнікаў міліцыі, якія пасля ліквідавалі.

"Акрамя таго, ніводнай заявы (з нагоды дзеянняў міліцыі. – заўв.) ад асобаў цыганскай нацыянальнасці не паступіла", – падкрэсліў Аляксей Стук.

Як паведамлялася раней, 16 траўня ў Магілёве быў знойдзены мёртвым лейтэнант міліцыі Яўген Патаповіч. Перад смерцю ён даслаў калегам у Viber паведамленне пра тое, што яго нібыта выкралі асобы цыганскай нацыянальнасці. Пасля гэтага ў Магілёве прайшла масавая аблава на цыганоў. Пазней затрыманыя расказалі журналістам, што затрыманні былі вельмі жорсткімі.

Апошнія навіны