BE RU EN

Багдан Ярэменка: Чым бліжэйшыя краіны да Расеі, тым лепш яны разумеюць яе думкі, пагрозы

  • 25.06.2019, 14:21

Феномен расейскага ўплыву на еўрапейскую палітыку павінен быць вывучаны.

Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) дала магчымасць Расеі накіраваць сваіх дэпутатаў у асамблею. Пасля напружаных дэбатаў за рэзалюцыю прагаласавала 118 дэпутатаў, супраць – 62. Украінская дэлегацыя ў ПАРЕ афіцыйна абвесціла пра пастанову спыніць працу ў Асамблеі на знак пратэсту супраць вяртання дэлегацыі РФ.

Сайт Charter97.org папрасіў пракаментаваць пастанову ПАРЕ дырэктара фонду «Майдан замежных справаў» Багдана Ярэменку.

– Я бачу тут некалькі аспектаў. Адзін з іх – унутраны, у рамках самой Рады Еўропы. Гэтай пастановай публічна былі пастаўленыя пад сумневы прыярытэты і прынцыпы самой інстытуцыі. Прыярытэт бюджэту быў пастаўлены вышэй за прынцыпы. Гэта будзе мець наступствы для арганізацыі. Плюс – зняцце любых магчымасцяў Рады Еўропы задзейнічаць нейкія мерапрыемствы для ўплыву на парушальнікаў правоў чалавека. Гэтым будуць карыстацца ўсе. Вяртанне дэлегацыі Расеі абвастрыла і агаліла даўно існыя праблемы эфектыўнасці. Я думаю, ужо можна ставіць пытанне пра тое, што ПАРЕ перажывае інстытуцыянальны крызіс.

Другі аспект – уплыў на рэальную сітуацыю ў вайне Украіны і Расеі. Усе пастановы, прынятыя Радай Еўропы, застаюцца ў сіле. ПАРЕ, я спадзяюся, захавае магчымасць прымаць новыя. Іншая справа, што іх кошт і значэнне ўжо падарваныя. Застаюцца ўсе санкцыі, прынятыя арганізацыяй супраць Расеі. Некаторыя эксперты мяркуюць, што вяртанне расейскай дэлегацыі ў ПАРЕ будзе пачаткам перагляду ўсёй палітыкі санкцый, але я так не думаю. Зразумела, што палітыка санкцый – прэрагатыва нацыянальных дзяржаваў і яны могуць змяніць яе ў любы час, але пакуль хуткай змены палітыкі Еўропы і ЕЗ у дачыненні да Расеі няма.

Дэлегаты пацвярджаюць існыя санкцыі, не прызнаюць акупацыі Крыма. Зразумела, што Рада Еўропы не мела ніякага дачынення да міратворчых працэсаў, медыяцыі перамоваў паміж Украінай і Расеяй, нават да рэальнай сітуацыі на лініі фронту яна не мае ніякага дачынення. Таму пастанова ніяк не паўплывае на паводзіны бакоў і рэальную сітуацыю. Вядома, сітуацыя непрыемная, але я не схільны яе драматызаваць.

– Прынцыповую пазіцыю на галасаванні паказалі дэпутаты Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы. Гаворыць гэта пра нешта?

– Большасць краінаў Еўропы мае прарасейскія фракцыі ў парламенце або іх прадстаўнікоў. Мы пра гэта ведалі, а галасаванне яшчэ раз гэта падкрэсліла. У кантэксце гібрыдна-інфармацыйнай вайны, якую вядзе Расея супраць Еўразвязу, супраць Трансантлантычнага адзінства паміж краінамі Еўропы і ЗША, гэты феномен павінен быць вывучаны.

У астатнім – усё досыць чакана. Чым бліжэйшыя краіны да Расеі, чым большы ў іх досвед трагічнага ўзаемадзеяння з Расейскай імперыяй, СССР, тым лепш яны разумеюць пагрозу, якую нясе РФ у кантэксце вайны ва Украіне, акупацыі Крыма, большае жаданне больш актыўна рэагаваць. Чым меншы досвед падобнага ўзаемадзеяння, тым яны менш адчувальныя да такіх праблемаў. Акрамя таго, мы бачым актыўны спарынг Францыі і Нямеччыны, дзе бізнэс-эліты дыктуюць сваю пазіцыю палітычным элітам, у тым ліку – і прадстаўнікам ў ПАРЕ.

На мой погляд, пад вельмі двухсэнсоўнымі слоганамі пра неабходнасць дыялогу з Расеяй, прасоўваецца меркаванне, што «гандаль – важнейшы за прынцыпы».

Апошнія навіны