BE RU EN

Золата падаражэла да максімуму за шэсць гадоў

  • 25.06.2019, 14:05

Кошт на высакародны метал расце праз геапалітычную сітуацыю.

Золата падаражэла да максімуму за апошнія шэсць гадоў. Але гендырэктар другой паводле велічыні ў Расеі золатаздабывальнай кампаніі Polymetal Віталь Несіс не бачыць прычынаў для далейшага росту

Кошт на золата з тэрміновай пастаўкай паводле вынікаў гандлю на Лонданскай біржы металаў у панядзелак, 24 чэрвеня, павысіўся на 1,4% – да $ 1439,21 за унцыю. У папярэдні раз так дорага золата каштавала ў траўні 2013 года. Раніцай у аўторак каштоўны метал гандляваўся на ўзроўні $ 1428,3 за унцыю, паведамляе РБК.

«Цяперашні ўзлёт коштаў – гэта вынік змены чаканняў у стаўцы ў ЗША і эскалацыі напружання ў стасунках ЗША і Ірана», – заявіў РБК гендырэктар другой паводле велічыні ў Расеі золатаздабывальнай кампаніі Polymetal Віталь Несіс.

24 чэрвеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп увёў чарговыя санкцыі ў дачыненні да Ірана, на гэты раз абмежаванні закранулі вярхоўнага лідара Ірана аяталы Алі Хаменеі. Новы віток канфлікту паміж Іранам і ЗША пачаўся пасля таго, як на мінулым тыдні Іран збіў амерыканскі выведвальны беспілотнік, які, паводле сцвярджэння Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, уварваўся ў паветраную прастору краіны. Але ў ЗША тады заявілі, што амерыканскага дрона не было ў паветранай прасторы Ірана.

Акрамя геапалітычнай напружанасці, росту коштаў на золата спрыялі заявы Федэральнай рэзервовай сістэмы (ФРС) ЗША і цэнтрабанкаў іншых краінаў пра верагоднае зніжэнне базавай адсоткавай стаўкі. Інвестары, чакаючы паслаблення даляра, сталі пераносіць ашчаджэнні ў біржавыя фонды (ETF), забяспечаныя фізічным золатам, а таксама ўкладвацца ў залатыя ф'ючарсы і апцыёны. Сусветныя цэнтрабанкі таксама павялічылі закупкі золата. Золатавалютныя рэзервы Расеі на стан 14 чэрвеня выраслі да $ 504,5 млрд, рост за тыдзень склаў $ 1,8 млрд (0,4%), паведамляецца на сайце Банка Расеі. Гэта максімальнае значэнне з сакавіка 2014 года.

«$ 1400 за унцыю – гэта выдатна, але ўжо зашмат. Я не веру, што будзе рух далей наверх. Гэта значыць, $ 1500 сёлета мы дакладна не ўбачым», – падкрэсліў Несіс. Кіраўнік аддзела аналітычных даследаванняў Альфа-банка Барыс Краснажонаў згаджаецца, што наўрад ці сярэдні кошт золата за трэці і чацвёрты кварталы 2019 года перавысіць адзнаку $ 1500 за унцыю. «Калі будзе два-тры зніжэнні [базавай адсоткавай] стаўкі да канца года, то кошт у трэцім квартале можа быць на ўзроўні $ 1420 і, магчыма, $ 1450–1470 паводле чацвёртага кварталу. Калі ж ФРС не будзе зніжаць стаўку да канца года, то золата вернецца на ўзровень $ 1300–1350 у другім паўгоддзі», – сказаў эксперт.

Аднак дырэктар групы карпаратыўных рэйтынгаў АКРА Максім Худалаў мяркуе, што праз рост напружанасці ў геапалітыцы і сусветным рынку кошт на золата можа падняцца і вышэй за $ 1500 за унцыю. А старэйшы аналітык БКС Алег Петрапаўлаўскі дадаў, што і мэта $ 1600 за унцыю золата дасягальная, «калі Трамп прадоўжыць ціснуць на Іран і ваяваць з Кітаем».

Апошнія навіны