BE RU EN

Суд паводле справы аб выбуху на «Горадні Азоце» вынес апраўдальны прысуд

  • 24.06.2019, 19:59

Майстар цэха не вінаваты ў гібелі рабочых.

У Горадні скончыўся суд над майстрам цэха ААТ «Горадня Азот», які абвінавачваўся ў парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, што пацягнула праз неасцярожнасць смерць чалавека. Мікалай Саўль прызнаны невінаватым і апраўданы за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства, паведамляе Вярхоўны суд.

Нагадаем, суд па выбуху на «Азоце» пачаўся яшчэ ўлетку 2017 года. Абвінавачаны быў толькі адзін - майстар рамонту тэхналагічнага абсталявання Мікалай Саўль, у падпарадкаванні якога знаходзіліся 14 чалавек. Мужчына абвінавачваўся ў парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, што пацягнула праз неасцярожнасць смерць чалавека. Яму пагражала да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Шкоду прадпрыемству ацанілі амаль у 94 тысячы рублёў.

Пацярпелыя, а іх шасцёра, не выстаўлялі матэрыяльных прэтэнзій да Саўля.

Мікалай Саўль з абвінавачваннем быў не згодны і распавядаў, што з 2013 года ён працаваў майстрам рамонту, дагэтуль некалькі гадоў працаваў на «Горадні Азоце» мантажнікам. Казаў, што свае службовыя абавязкі ведаў і выконваў, нагадвае tut.by.

24 чэрвеня 2019 года крымінальны пераслед мужчыны быў спынены. Суд прыйшоў да высновы, што ў дзеяннях майстра цэха адсутнічае склад злачынства. Прысуд у законнае дзеянне не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Надзвычайнае здарэнне адбылося на прадпрыемстве 6 чэрвеня 2016 года. Пры правядзенні агнявых работ (рамонтнікі распілоўвалі пры дапамозе газавага абсталявання металічныя канструкцыі) іскры трапілі на гідраксіламінсульфат. У выніку прадуктамі яго тэрмічнага раскладання атруціліся і пазней памерлі двое рабочых, яшчэ трое былі шпіталізаваны.

Загінулыя - хлопцы, якія займаліся будаўнічымі работамі ў адным з цэхаў прадпрыемства. Ім было 35 і 28 гадоў. Відавочцы НЗ казалі, што задымленне адбылося праз выбух пароў, якія сабраліся ўнутры цэнтрыфугі, якую яны рамантавалі.

Апошнія навіны