Краіны Балтыі адключацца ад расейскіх электрасетак
- 20.06.2019, 21:31
Эстонія, Латвія і Літва падключаць свае энэргасеткі да сеткі ЕЗ праз Польшчу.
У чацвер, 20 чэрвеня, прэм'ер-міністры Латвіі, Літвы, Эстоніі і Польшчы разам з прадстаўнікамі Еўракамісіі прынялі пастанову аб адключэнні краін Балтыі ад энэргасістэмы Расеі.
Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе Еўракамісіі.
Як паведамляецца, прэзідэнт Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер і віцэ-прэзідэнт Мараш Шэфчавіч разам з кіраўнікамі ўрадаў балтыйскіх краін і Польшчы перад самітам у Брусэлі падпісаў дарожную карту для забеспячэння сінхранізацыі электрасетак краін Балтыі з кантынентальнай еўрапейскай сеткай.
«Камісія заўсёды была прыхільніцай поўнай інтэграцыі сетак краін Балтыі з сеткай Еўропы і мы робім усё магчымае для садзейнічання рашучага прагрэсу ў сінхранізацыі і працуем над укараненнем стратэгічнай энэргетычнай інфраструктуры рэгіёну Балтыйскага мора», - заявіў Юнкер.
У адпаведнасці з дарожнай картай, сінхранізацыя будзе рэалізаваная не пазней 2025 года. Таксама Еўракамісія правядзе перамовы з Расеяй і Беларуссю для забеспячэння беспраблемнага адключэння.