BE RU EN

У Расеі замест пытання Пуціну пратэстоўцы звярнуліся да народа

  • 20.06.2019, 17:39

Экалагічныя актывісты заклікалі не верыць таму, што кажуць пра іх на федэральных тэлеканалах.

Пратэстоўцы супраць будаўніцтва смеццевага палігона побач з пасёлкам Шыесам у Архангельскай вобласці Расеі запісалі падчас жывой лініі з Уладзімірам Пуціным відэазварот да народа. Яны заклікалі не верыць таму, што кажуць пра іх на федэральных тэлеканалах, назваўшы сябе людзьмі, «якія абараняюць сваё жыццё і сваё права жыць на чыстай Поўначы», паведамляе «Радыё Свабода».

Таксама пратэстоўцы заклікалі ўсіх прыязджаць у Шыес, каб падтрымаць іх. Свой відэазварот праціўнікі смеццевага палігона скончылі скандаваннем «Рукі прэч ад Шыеса!». У запісе ўзялі ўдзел блізу 500 чалавек.

Пазней актывісты распавялі, што першапачаткова сабраліся для таго, каб задаць пытанне аб будаўніцтве палігона Уладзіміру Пуціну. Аднак у апошні момант месца жывога ўключэння было перанесенае ў сяло Ярэнск, якое знаходзіцца амаль у 40 кіламетрах ад Шыеса. Пратэстоўцы мяркуюць, што гэта было зроблена спецыяльна, каб рассеяць натоўп. Частка актывістаў сапраўды адправілася на ўключэнне ў Ярэнск.

На самой жывой лініі пытанні аб будаўніцтве палігона ў Шыесе і масавых «антысмеццевых» пратэстах ва ўсёй Расеі Пуціну так і не задалі. 15-гадовая відэаблогерка з Масквы Каця Адушкіна толькі падняла тэму паасобнага збору смецця. У адказ прэзідэнт распавёў, што ў краіне штогод збіраецца 70 мільёнаў тон адкідаў, бо ў Расеі склалася грамадства спажывання. Развязанне праблемы Пуцін бачыць у будаўніцтве двухсот комплексаў перапрацоўкі смецця агульным коштам 300 мільярдаў рублёў.

Апошнія навіны