BE RU EN

«Мэр» Берасця: Няма чаго з нас рабіць папуасаў, акумулятарны завод - самы вялікі гемарой для горада

  • 19.06.2019, 21:20

Аляксандр Рагачук упершыню пракаментаваў сітуацыю вакол небяспечнага завода.

Старшыня Берасцейскага гарвыканкама Аляксандр Рагачук упершыню пракаментаваў пастанову губернатара вобласці аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода і выказаў сваю пазіцыю што да гэтай сітуацыі, паведамляе «Салідарнасць».

Размаўляючы з кіраўніцтвам аднаго з буйных прадпрыемстваў горада, Аляксандр Рагачук назваў акумулятарны завод «самым вялікім гемароем для Берасця» ў год яго 1000-годдзя. З яго слоў, вакол прадпрыемства паўстала вельмі непрыемная сітуацыя.

Рагачук распавёў:

«Калі яго пачыналі будаваць, інвестар (ТАА «АйПаўэр») пераконваў усіх, у тым ліку і ўлады, што праект адпавядае ўсім параметрам бяспекі, у тым ліку экалагічным. Тады і ва ўладаў не было ніякіх падставаў не давяраць спецыялістам. Крыць не было чым. Калі будаўніцтва фактычна завяршылася (у красавіку 2019 года) і пачаліся пусканаладачныя работы, Дзяржаўная экалагічная экспертыза тройчы рабіла замеры і тройчы фіксавала значныя перавышэнні заяўленых нормаў, у тым ліку выкіду свінцу - замест запраектаваных 3 кг у год у іх атрымліваецца блізу 340 кг.

На мой погляд, для ліквідацыі гэтых парушэнняў інвестар павінен альбо вярнуцца на ўзровень праектавання, альбо шукаць нейкія іншыя тэхналагічныя развязанні. Але ўводзіць у зман грамадскасць і прадстаўнікоў улады не трэба, атручваць экалогію нашага горада і Берасцейскага раёна - тым больш. Экалогія - гэта святое. Калі ты (інвестар - заўв.) увязаўся ў гэты праект, будзь гатовы браць на сябе адказнасць і магчымыя рызыкі. Не трэба рабіць з нас папуасаў і даказваць адваротнае. І ў такой сітуацыі губернатар вымушаны быў прыняць абсалютна правільнае і адзінае магчымае рашэнне».

Такім чынам, улады, фактычна, упершыню апублікавалі памер свінцовых выкідаў завода ў ходзе пусканаладкі - калі верыць словам Рагачука, яны перавышаюць першапачаткова заяўленыя больш чым у сто разоў!

Тым часам кіраўніцтва «АйПаўэр» заяўляе, што яно так і не дачакалася ад Мінпрыроды афіцыйных высноў аб выяўленых парушэннях. А спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, якія праводзілі асноўныя замеры па замове Мінпрыроды, адказваючы на пытанні СМІ, кажуць, што перавышэнне заяўленых нормаў выкідаў зафіксаванае толькі па адной крыніцы з 38 - дыаксіду азоту, і тое нязначнае.

Тупіковасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што загадам старшыні Берасцейскага аблвыканкама Анатоля Ліса ад 14 чэрвеня (пра які згадаў кіраўнік Берасця) прыпыненае будаўніцтва акумулятарнага завода, якое дэ-факта завяршылася яшчэ ў красавіку. Пусканаладка - паводле закона прамежкавы этап паміж будаўніцтвам і прыёмкай завода ў эксплуатацыю. Фармальна яе ніхто не прыпыняў.

Кіраўніцтва «АйПаўэр» заяўляе аб тым, што мае намер працягваць пусканаладачныя працы да ліквідацыі ўсіх парушэнняў, пра якія... нічога не ведае.

Апошнія навіны