BE RU EN

Дзярждума прыпыніла ўдзел Расеі ў ДРСМД

  • 18.06.2019, 15:29

Расейскі парламент падтрымаў законапраект Пуціна.

У Расеі Дзяржаўная дума прыняла закон аб прыпыненні Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД) паміж СССР і ЗША. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».

30 траўня гэты законапраект на разгляд у Дзярждуму ўнёс прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Дакумент падтрымалі профільны камітэт у міжнародных справах і два камітэты-сувыканаўцы - у бяспецы і абароне.

Прэзідэнту надаецца права прымаць пастановы аб аднаўленні дзеяння дамовы, «калі сітуацыя зменіцца і ЗША вернуцца да выканання сваіх абавязацельстваў», падкрэсліў спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін.

Гэтая дамова паміж СССР і ЗША падпісаная Міхаілам Гарбачовым і Рональдам Рэйганам 8 снежня 1987 года падчас савецка-амерыканскай сустрэчы на вышэйшым узроўні ў Вашынгтоне. Увайшла ў дзеянне 1 чэрвеня 1988 года.

Дамова ўпершыню ў гісторыі дазволіла ліквідаваць цэлы клас узбраенняў: бакі абавязаліся знішчыць усе комплексы балістычных і крылатых ракет наземнага базавання сярэдняй (1 тысяча - 5,5 тыс км) і меншай (ад 500 да 1 тыс км) далёкасці, а таксама не вырабляць, не выпрабоўваць і не разгортваць такія ракеты ў будучыні.

У адпаведнасці з дамовай бакі цягам трох гадоў павінны былі знішчыць усе пускавыя ўстаноўкі і ракеты наземнага базавання з радыусам дзеяння ад 500 км да 5,5 тыс км, уключаючы ракеты як на еўрапейскай, так і на азіяцкай тэрыторыі СССР. Дамова прадугледжвала працэдуры праверкі інспектараў, якім трэба было сачыць за знішчэннем ракет процілеглага боку.

Да чэрвеня 1991 года дамова была выкананая: СССР знішчыў 1 846 ракетных комплексаў, ЗША - 846 комплексаў.

Апошнія навіны