Былога прэзідэнта Кыргызстана вінавацяць ва ўзурпацыі ўлады
- 17.06.2019, 18:41
У Кыргызстане разглядаюць пытанне аб зняцці недатыкальнасці з Алмазбека Атамбаева.
У Кыргызстане пачала працу спецыяльная парламенцкая камісія, якая вывучыць магчымасць зняцця недатыкальнасці з былога прэзідэнта краіны Алмазбека Атамбаева. Раней група з 60 дэпутатаў падпісала петыцыю за вылучэнне супраць Атамбаева абвінавачванняў у карупцыі і ўзурпацыі ўлады ў перыяд, калі ён узначальваў дзяржаву, паведамляе svoboda.org.
Спецыяльная камісія з 12 дэпутатаў ад усіх фракцый будзе працаваць на працягу ўсяго тыдня. На сённяшняе пасяджэнне запрасілі палітыкаў і журналістаў, якія былі асуджаныя ў 2015-2017 гадах паводле розных абвінавачванняў і якія называлі сябе "ахвярамі Атамбаева". Сам экс-прэзідэнт абвінавачвае ў карупцыі цяперашняга кіраўніка дзяржавы Сааранбая Жээнбекава, вылучэнне якога ён у свой час падтрымліваў.
У канцы траўня ў Кыргызстане ўвайшоў у дзеянне закон, па якім былых прэзідэнтаў могуць пазбаўляць імунітэту і афіцыйнага статусу з мэтай крымінальнага пераследу.
Атамбаеў узначальваў Кыргызстан з 2011 года да 2017 года. Ён стаў першым прэзідэнтам, які добраахвотна пакінуў пасаду пасля першага тэрміну.