Новая прэм'ерка Малдовы патрабуе адстаўкі Канстытуцыйнага суда
- 15.06.2019, 19:11
Мая Санду патрабуе адстаўкі ўсіх суддзяў КС Малдовы.
Новапрызначаная прэм'ер-міністарка Малдовы Мая Санду патрабуе адстаўкі ўсіх суддзяў Канстытуцыйнага суда краіны. Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву палітыка ў Facebook.
Так, кіраўніца ўрада Малдовы раскрытыкавала папярэднія дзеянні суддзяў Канстытуцыйнага суда і заявіла, што яны павінны сысці ў адстаўку, "калі хоць трохі паважаюць Канстытуцыю і грамадзян Малдовы".
"Суддзі КС працягваюць трызніць, ганьбуючы на нацыянальным і міжнародным узроўні інстытуцыю, якую яны прадстаўляюць", - гаворыцца ў заяве Санду.
Таксама, на думку палітыка, скасаванне Канстытуцыйным судом папярэдніх пастаноў, якія былі прынятыя 7-9 чэрвеня, і перадача ўлады новаму ўраду, сведчыць аб тым, што суд спрабуе апраўдацца за свае дзеянні замест таго, каб прызнаць спробы Дэмакратычнай партыі незаконна захаваць сваю ўладу.
"Я называю такі падыход недарэчным з пункту гледжання павагі да Канстытуцыі краіны. Канстытуцыйны суд павінен прымаць пастанову ў адпаведнасці з пунктамі літары і духу Канстытуцыі, а не на аснове пастаноў і паводзін палітычных дзеячаў у краіне", - падкрэсліла прэм'ер-міністарка Малдовы.