Арнэле Муці пагражае турэмны тэрмін праз вячэру з Пуціным
- 15.06.2019, 13:50
Італьянскую акторку Арнэлу Муці абавязалі выплаціць кампенсацыю.
Яна скасавала выступу дзеля паездкі на дабрачынны гала-канцэрт з Уладзімірам Пуціным. Калі няўстойка не будзе аплачаная, Муці пагражае турэмны тэрмін, піша BBC.
У снежні 2010 года Муці павінна была выступіць на сцэне тэатра Вердзі ў горадзе Пардэноне на паўночным усходзе Італіі.
Замест гэтага яна ўзяла бальнічны на тры дні і паляцела ў Санкт-Пецярбург, каб узяць удзел у дабрачыннай вячэры з расейскім прэзідэнтам.
Італьянскі суд прызнаў яе вінаватай у махлярстве і прысудзіў яе да шасці месяцаў турмы ўмоўна, аштрафаваў на 500 еўраў і абавязаў акторку выплаціць тэатру няўстойку сумаю 30 тысяч еўраў.
Актрыса заяўляла, што не мае магчымасці выплаціць тэатру нанесеную шкоду, і падала апеляцыю.
У чацвер Вярхоўны касацыйны суд пацвердзіў ранейшы прысуд.
Падставай для справы аб махлярстве паслужыла тая самая медыцынская даведка, якую Муці падала тэатру. У даведцы гаварылася, што ў яе моцна запаленыя трахеі, высокая тэмпература, кашаль і агрубенне голасу.
Даведка, якую суд прызнаў падробленай, рэкамендавала ёй пяць дзён адпачынку, і актрыса накіравалася на дабрачынны канцэрт у Пецярбургу, куды яе запрасіў прэзідэнт Расеі.
Калі ў прэсе з'явіліся яе фатаграфіі за адным сталом з Пуціным, тэатр вырашыў дзейнічаць.
Суд папярэдзіў акторку, што, калі Муці не выплаціць прызначаную суму, яна адправіцца ў турму.
Арнэле Муці 64 гады. За межамі краіны яна вядомая па фільмах «Утаймаванне свавольнага», «Флэш Гордан» і «Оскар». У самой Італіі яна па-ранейшаму з'яўляецца на экранах і на сцэне.
Па паведамленнях італьянскіх СМІ, у яе ёсць 30 дзён, каб разлічыцца з тэатрам.
На першым судовым працэсе ў 2015 годзе актрыса сцвярджала, што не валодае неабходнымі сродкамі.
Праз два гады Муці і яе сям'ю выселілі з яе дома ў Рыме праз запазычанасць агенцтву па нерухомасці ў 80 тысяч еўраў.
Раней акторка казала расейскім журналістам, што ў яе ёсць кватэра ў Маскве і яна не супраць атрымаць расейскае грамадзянства.