Еўракамісія: Польшча знаходзілася пад прыцэлам расейскай дэзінфармацыі
- 14.06.2019, 19:30
У Брусэлі пададзеная справаздача аб прагрэсе ў барацьбе з дэзінфармацыяй.
Польшча знаходзілася пад прыцэлам расейскай дэзінфармацыі падчас перадвыбарнай кампаніі ў Еўрапейскі парламент. Да такой высновы прыйшлі экспэрты з Еўрапейскай камісіі. У Брусэлі прэзентаваная справаздача аб прагрэсе ў барацьбе з дэзінфармацыяй, паведамляе «Радио Польша».
Еўракамісія паведаміла, што напярэдадні выбараў у ЕП выпадкаў распаўсюджвання дэзінфармацыі і спроб умяшання ў перадвыбарчую кампанію было ўдвая больш, чым летась.
Спецыяльная група экспэртаў ЕК зафіксавала больш за тысячу такіх выпадкаў у краінах ЕЗ, уключаючы Польшчу, Латвію, Гішпанію, Францыю і Вялікабрытанію. Камісар па еўрапейскай бяспецы Джуліян Кінг, між іншым, пракаментаваў прыклад прымянення дэзінфармацыі ў Польшчы.
«З пракрамлёўскага «Спутника» паступіла ілжывая інфармацыя пра тое, што Польшча з моманту ўступлення ў Еўрапейскі звяз збяднела больш, чым у часы камунізму», - сказаў камісар ЕЗ.
У той жа час у Еўрапейскай камісіі адзначылі, што нягледзячы на частыя выпадкі прымянення дэзінфармацыі, краіны ЕЗ былі добра падрыхтаваныя да таго, каб з ёю змагацца.