BE RU EN

Сяргей Гурэнка: Немцы ў гульні з беларусамі нават не змакрэлі

  • 13.06.2019, 20:20

Настаўнік менскага «Дынама» параіў звярнуць увагу на функцыянальную падрыхтоўку футбалістаў нацыянальнай каманды.

«Прессбол» апытаў беларускіх экспэртаў на тэму таго, што прывяло да адстаўкі галоўнага трэнера каманды Беларусі Ігара Крывушэнкі і ці варта чакаць прасвятлення ў будучыні. Сяргей Гурэнка параіў звярнуць увагу на функцыянальную падрыхтоўку футбалістаў.

- Мне цяжка меркаваць, ці даставаў Крывушэнка максімум з гульцоў. Па матчы з Паўночнай Ірландыяй было відаць - прайграем функцыянальна. Але трэнер каманды не можа падрыхтаваць футбалістаў за тыдзень - значыць, трэба больш працаваць у клубах. У чым бяда? У нас няма ніводнага кваліфікаванага трэнера ў фізпадрыхтоўцы. Чаму яны ёсць у Сербіі, у Італіі ўжо гадоў трыццаць рыхтуюць? Там разумеюць іх важную ролю, у Беларусі ж усё па-старому. Але як паспяхова гуляць, калі футбалісты не вытрымліваюць сучасных рэжымаў інтэнсіўнасці? Можна колькі заўгодна займацца пошукам вінаватых, звальваць усё на Крывушэнку, потым на яго зменшчыка, але адна з асноўных праблем застанецца нявырашанай. Калі футбаліст не бяжыць, яму не хапае вынослівасці, хуткасна-сілавых якасцей, то што ён прадэманструе на такім узроўні? У другім тайме паўночныя ірландцы нас проста змялі, выглядалі свежа, былі хутчэйшымі ў кожным адзінаборстве. Вы ж бачыце, з якімі цягавітымі нагамі, тулавамі выходзяць на поле ў замежных клубах. Чаго чакаць, калі немцы ў гульні з намі нават не змакрэлі, а ў некаторых беларусаў адбывалася зацьменне ўжо на саракавой хвіліне?

Футбаліст павінен быць атлетам. Але хто іх рыхтуе? Скажам, я кіруюся навыкамі, якія атрымаў, гуляючы ў Італіі, Расеі, калі адчуў на сабе, калі і якія даюцца нагрузкі. Але ў іншых трэнераў не было такой магчымасці. Вось і выходзіць: альбо недабор, альбо перабор. Трэба адпраўляць людзей вучыцца. Інакш працягнем будаваць паветраныя замкі.

Апошнія навіны