BE RU EN

Знайшоўся гаспадар грошай, якія лёталі па цэнтры Менска

  • 13.06.2019, 18:54

Ён страціў 11 тысяч, вярнулі не ўсё.

Міліцыя знайшла гаспадара грошай, якія ў нядзелю лёталі па Нямізе ў Менску. Што цікава, сам мужчына ў праваахоўныя органы не звяртаўся.

Як паведамляе прэс-служба ГУУС Менгарвыканкама, уладальніка «лятучых грашовых сродкаў» аператыўнікі высвятлялі на працягу дня. Ім аказаўся 33-гадовы мянчук, які нават не здагадваўся, што страціў грошы.

- Супрацоўнікам міліцыі мянчук патлумачыў, што днём раней ён прыехаў у краму на аўтамабілі, каб забраць грошы, якія яму неабходна было вярнуць у банк. Для зручнасці мужчына расклаў купюры ў чатыры папяровыя канверты. У 20 гадзін 30 хвілін пацярпелы выйшаў з крамы, паклаў грашовыя сродкі на дах аўтамабіля, сеў у аўто і пачаў рух. Пакінутыя на даху грошы разляцеліся ў розныя бакі. Агульная сума згубленых грашовых сродкаў склала 11 478 рублёў, - гаворыцца ў паведамленні ГУУС.

Пакуль гаспадару вярнулі менш за палову сумы. Паводле звестак міліцыі, мінакі, якія «лавілі» грошы, вярнулі 4692 рублі.

Нагадаем, 9 чэрвеня ў Менску на вуліцы Няміга здарыўся «грашовы дождж». Ніхто не заўважыў, адкуль на праезнай частцы ўзяліся купюры. У нейкі момант, калі аўтамабілі раз'ехаліся, людзі ўбачылі, як над дарогай, як у кіно, узнімаліся і зноў падалі на асфальт купюры - у асноўным 50-рублёвыя.

Хтосьці з людзей браў банкноты - і сыходзіў. Частка мінакоў выклікала міліцыю і перадала знаходку ў праваахоўныя органы. Колькі грошай было ў «грашовым дажджы», відавочцы не ведаюць, не лічылі.

- Заўважыўшы грошы, некаторыя людзі натоўпам панесліся да купюр, што паспелі, згрэблі - і разышліся, - апісваў тое, што адбываецца адзін з відавочцаў Артур. - Быў яшчэ момант. Мы прапусцілі адну купюру. Праз нейкі час убачылі, што яе нясе ветрам па праезнай частцы. Яе заўважыў адзін з кіроўцаў, прыпыніўся, і я бачу: ён спрабуе яе схапіць. Крычу: я выклікаў міліцыю, не бярыце. Ён з усмешкай яе ловіць - і з'язджае.

Апошнія навіны