«Маці 328» дамагліся змякчэння «наркатычнага» артыкула
- 13.06.2019, 12:17
Актывісты маюць намер змагацца за далейшыя змены заканадаўства.
У другім чытанні былі прыняты папраўкі ў артыкул 328 Крымінальнага кодэкса, які называюць «наркатычным». Супраць яго змены раней актыўна выступала МУС, паведамляе «Белсат».
Галоўныя змены - гэта зніжэнне ніжніх меж пакарання паводле некаторых частак 328-га артыкулу. Цяпер за захоўванне наркотыкаў з мэтай распаўсюджвання пагражае ад 3 да 8 гадоў турэмнага зняволення. Раней мінімальнае пакаранне прадугледжвала 5 гадоў. За гэта ж злачынства, учыненае групай асоб, у вялікім памеры ці ўчыненае паўторна, пакаранне зніжана да 6 замест ад 8 гадоў зняволення.
Не мяняецца пакаранне для асоб, якія захоўваюць наркатычныя рэчывы без мэты распаўсюджвання, цяпер за гэта пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў.
«У прынцыпе, тыя патрабаванні, якія мы агучвалі, выкананыя. Мы прасілі дэпутатаў прыняць законапраект, яны гэта зрабілі», - распавяла Таццяна Канеўская, актывістка «Маці 328 ».
Пры гэтым актывісткі маюць намер змагацца за далейшыя змены наркатычнага заканадаўства.
«Мы імкнемся дапамагчы выйсці з турмы непаўналетнім. А таксама мерымся працягнуць працу з судамі, пракуратурай, каб змяніць практыку выкаырстання», - дадала Таццяна Канеўская.