BE RU EN

Чаму беларусы так ставяцца да Лукашэнкі

  • 12.06.2019, 8:39

Дыктатар прызнаў, што «народ не памірае ад любові да нас».

Кіраўніцтва краіны ведае, што страчвае давер насельніцтва, піша «Заўтра тваёй краіны».

- Я разумею, і вы разумееце, што ўжо не памірае народ ад любові да нас, - прызнаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з новымі кіраўнікамі мясцовых органаў улады.

Чаму беларусы так ставяцца да Лукашэнкі?

Робіць з Беларусі рэгіянальны калгас

Актывіст прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці Андрэй Стрыжак мяркуе, што кіраўнікі сядзяць у «вежы са слановай косткі».

У той жа час палкай прымусіць працаваць эканоміку больш не атрымліваецца.

- Мы - частка сусветнай эканомікі і сусветных тэндэнцый. Відавочна, што яны на нас адбіваюцца. І адгарадзіць айчынную эканоміку ў рэгіянальны калгас не атрымаецца. Каб развівацца, трэба прыслухоўвацца да меркавання экспэртаў, - мяркуе Андрэй Стрыжак.

Дзе сапраўдныя выбары?

Першае і галоўнае патрабаванне, на думку старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, - гэта правядзенне свабодных і сумленных выбараў. Людзі дзесяцігоддзямі назіраюць нязменнасць і застой улады, праз гэта ў грамадзян практычна няма да яе даверу.

Але ўлада ўсё яшчэ не гатовая да змен.

− У гэтым годзе адбудуцца парламенцкія выбары, у наступным – прэзідэнцкія. Але выканаўчыя ўлады, якія фальсіфікавалі выбары папярэднія разы, нічога не збіраюцца мяняць у практыцы правядзення выбарчай кампаніі ці ў выбарчым заканадаўстве, − кажа праваабаронца.

− Гісторыя неаднаразова пацвярджала, што такая стагнацыя не можа цягнуцца вечна, і нарэшце адбываюцца сур’ёзныя змены, − кажа ён.

Беззаконне ў праваахоўнай і судовай сістэме

− У нас выканаўчая ўлада падмяла пад сябе і заканадаўчую ўладу, і правасуддзе. Таму няма ні справядлівага правасуддзя, ні нармальнай заканадаўчай улады. Гэта не схаваць – людзі ўсё бачаць. Пакуль што яны маўчаць, але надыдзе час, калі яны скажуць сваё слова,- мяркуе Алесь Бяляцкі.

Падзенне даходаў

- Калі дзейнічаў нафтавы афшор, Лукашэнка ўздымаў заробкі, - адзначае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. - Але гэты пралаз з шэрагу прычын знік, і ўладзе нічога не застаецца, як папраўляць свой імідж піяраўскімі намаганнямі.

- Калі Лукашэнка кажа, што народ не памірае ад любові, магчыма, ён ускосна выдае, што бачыць не радуюць яго паказчыкі закрытых сацыялагічных апытанняў, і што яго рэйтынг зусім не выдатны, - мяркуе палітолаг.

Але чым бліжэй да выбараў, тым усё больш напружаным будзе становішча, бо ўлада спрабуе развязаць дзве ўзаемавыключальныя задачы: з аднаго боку, здавацца памяркоўнай і лаяльнай, з другога - усялякім коштам утрымаць «стабільнасць» і не дапусціць грамадска-палітычнай турбулентнасці. Так што цудаў лібералізацыі, «мяккасці» сілавікоў і чыноўнікаў у дачыненні да людзей чакаць не даводзіцца, мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Апошнія навіны