BE RU EN

Сілавікі наляцелі да аператара сеткі «5 элемент»

  • 11.06.2019, 13:12

У офісе кампаніі зладзілі маскі-шоў.

Сёння ў галоўны офіс групы кампаній «Паціа», якая кіруе сеткай крам бытавой тэхнікі і электронікі «5 элемент», наляцелі праваахоўныя органы. Пра гэта tut.by паведамілі інфармаваныя крыніцы і пацвердзілі ў самой кампаніі.

«З самага ранку падняўся вэрхал у офісе. Былі маскі-шоў. Мала хто зразумеў, што адбываецца. Сілавікі працягваюць знаходзіцца ў офісе», - сказала крыніца.

«Нічога экстраардынарнага пакуль не адбываецца. Ніхто не затрыманы, ніякіх абвінавачванняў не выстаўлена, канфіскоўваюцца дакументы некаторых контрагентаў для праверкі. Офіс кампаніі і ўсе крамы працуюць у штатным рэжыме», - растлумачылі ў «Паціа».

Атрымаць аператыўны каментар у сілавых устаноў пакуль не ўдалося.

Варта сказаць, што ў гісторыі «Паціа» ёсць прыклады, калі ёй даводзілася адбіваць прэтэнзіі кантрольных органаў. У снежні 2014 года Мінгандлю прыпыніла працу 3 крам сеткі «5 элемент» праз парушэнні заканадаўства аб гандлі. Адная з ключавых прэтэнзій - недастатковая колькасць тавараў беларускай вытворчасці.

Тагачасны памочнік прэзідэнта, а сягоння першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Максім Рыжанкоў назваў «нязграбнымі» дзеянні Мінгандлю супраць «5 элемента». «Усім цяпер цяжка, вы ведаеце, якая сітуацыя. Але замест таго каб развязваць пытанні ў рэжыме дыялогу, мы размахвалі дубінай», - сказаў Рыжанкоў.

«5 элемент» з'яўляецца партнёрам федэрацый футбола, тэніса і баскетбола. А адзін з заснавальнікаў рытэйлера Андрэй Балабін (№68 у топ-200 самых паспяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў паводле версіі «Ежедневніка») - намеснікам Рыжанкова ў федэрацыі баскетбола. Цяпер сетка налічвае больш за 50 крам бытавой тэхнікі і электронікі. Балабін недаступны для каментароў.

Апошнія навіны