BE RU EN

Студэнт з Берасця ўзяў трэці прыз на конкурсе архітэктуры ў Мілане

  • 10.06.2019, 20:07

У конкурсе ўзялі ўдзел больш за 2 200 студэнтаў з 199 універсітэтаў.

Бахром Хакімаў з Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта заняў трэцяе месца на міжнародным студэнцкім архітэктурным конкурсе «Мультыкамфортны дом «Сэн-Габэн» 2019 года, паведамляе belmir.by.

Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе арганізатара - міжнароднай групы кампаній Saint-Gobain.

Студэнт будаўнічага факультэта БрДТУ прэзентаваў на суд журы, якое ўзначальваў прэзідэнт канцэрна П'ер Андрэ дэ Шаландар, працу пад назвай Induction.

У выніку яе абышлі толькі праекты Co.living навучэнцаў з Сілезійскага тэхналагічнага ўніверсітэта (Польшча) і Social Canopy выхаванцаў Абіджанскай школы архітэктуры (Кот д'Івуар).

Група кампаній Saint-Gobain арганізуе архітэктурны конкурс для студэнтаў з 2004 года. Такім чынам, цяперашні стаў пятнаццатым па ліку.

Заданнем для яго было падрыхтаваць праект комплекснай рэнавацыі раёна італьянскага горада Мілан каля станцыі метро Crescenzago з улікам лакальных асаблівасцяў тэрыторыі.

Сюды ўваходзіла стварэнне новага жылога комплексу, рэканструкцыя ўжо існуючых будынкаў і акультурванне грамадскай тэрыторыі паміж двума зонамі.

Конкурс складаўся з двух этапаў - нацыянальнага і міжнароднага. Нацыянальны у Беларусі прайшоў у красавіку. Ён сабраў 25 каманд з БрДТУ, БелДУТ і БНТУ. А пераможцы адправіліся ў Мілан.

Як гаворыцца ў прэс-рэлізе, усяго ў конкурсе ўзялі ўдзел больш за 2 200 студэнтаў з 199 універсітэтаў. На фінал жа ў Італію прыехалі 60 каманд з 34 краін.

Saint-Gobain - міжнародная група кампаній, якая спецыялізуецца на вытворчасці і продажы будматэрыялаў, а таксама вядзе дзейнасць у іншых прамысловых галінах.

Штаб-кватэра канцэрна знаходзіцца ў Парыжы. Аперацыі вядуцца ў 67 краінах, персанал - больш за 180 тысяч чалавек. Абарот у 2018 годзе склаў 41,8 млрд еўраў.

Апошнія навіны