BE RU EN

Намесніка старшыні партыі Гайдукевіча прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі

  • 27.05.2019, 21:30

Яго абвінавацілі ў махлярстве.

Суд Віцебскага раёна абвясціў прысуд паводле справы былога намесніка старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Ярмыкіна і яго раней судзімага паплечніка Юрыя Мярзленкі, паведамляе tut.by.

Мярзленка асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, Ярмыкін атрымаў 5 гадоў калоніі.

Рашэнне суда не ўвайшло ў законнае дзеянне і можа быць абскарджанае ў апеляцыйным парадку.

Нагадаем, Сяргей Ярмыкін і Юры Мярзленка былі затрыманыя сілавікамі ў жніўні 2018 года. Следчы камітэт у дачыненні да іх пачаў крымінальную справу паводле часткі 4 артыкула 209 КК - «Махлярства ў асабліва буйнай суме».

У якасці пацярпелых значыліся як мінімум 5 жыхароў Віцебскай вобласці. Ярмыкін і Мярзленка бравіравалі наяўнымі сувязямі ў розных дзяржорганах і сцвярджалі, што могуць вырашыць розныя пытанні - ад вядзення сумеснага бізнэсу да закрыцця крымінальнай справы. Тандэм завалодваў грашыма і іншай маёмасцю грамадзян на падставе дачы хабараў дзяржаўным службоўцам і закупак абсталявання для вытворчасці пельменяў. Такім чынам яны "зарабілі» некалькі дзясяткаў тысяч даляраў.

Сяргей Ярмыкін быў намеснікам старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, узначальваў Віцебскую абласную арганізацыю ЛДП і значыўся памочнікам сябра Рады Рэспублікі Сяргея Гайдукевіча.

Юрый Мярзленка працаваў кансультантам у агульных пытаннях у прыватнай фірме ў Віцебску. У 2009 годзе быў асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі, у тым ліку за махлярства. Паступова пакаранне яму змякчылі, і ў 2013 годзе ён выйшаў на волю.

Апошнія навіны