BE RU EN

«Трэба прыняць указ, каб прэм'ер забяспечваў своечасовы ўзыход сонца»

  • 22.05.2019, 11:02

Эканамісты раскрытыкавалі абсурднае даручэнне Лукашэнкі.

Указам ад 20 траўня Лукашэнка ўсклаў на прэм'ер-міністра Сяргея Румаса персанальную адказнасць за забеспячэнне эканамічнага росту «пераважна» за кошт замежнага попыту.

Крытэрыем эфектыўнай экспартнай дзейнасці стане забеспячэнне таварнай і геаграфічнай дыверсіфікацыі паставак, а таксама нарошчванне экспарту тавараў і паслуг тэмпамі, якія апераджаюць рост імпарту.

Эканамісты патлумачылі UDF.BY, што азначае пастанова дыктатара.

«Рэкамендаваў бы прыняць яшчэ наступны ўказ: каб прэм'ер-міністр забяспечваў своечасовы ўзыход сонца»

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка сказаў UDF.BY, што падпісаны ўказ змяшчае памылку нават з пункту гледжання эканамічнай навукі.

«Справа ў тым, што мы ў стане змяняць прапанову. А попыт на вонкавых рынках вызначаецца не намі. Нейкі неадукаваны чалавек сказаў гэта Лукашэнку», - адзначыў эканаміст.

«Я Сяргея Мікалаевіча ведаю і спачуваю яму. Маленькай краіне пачаць раптам фармаваць попыт на сусветных рынках... Гэта вельмі па-нобелеўску. За гэта Аляксандру Рыгоравічу трэба даваць Нобелеўскую прэмію - за ўмацаванне асноў эканамічнай тэорыі. Я б рэкамендаваў прыняць яшчэ наступны ўказ: каб прэм'ер-міністр забяспечваў своечасовы ўзыход сонца», - дадаў Заіка.

Што датычыцца рэалізацыі норм указа на практыцы, эканаміст мяркуе, што прэм'ер-міністр - гэта не тая асоба, якая павінна займацца стымуляваннем масавых экпартных ініцыятыў з боку бізнэсу і стварэннем структур, якія падавалі б у суседніх краінах «добрую маркетынгавую інфармацыю». Хоць, на ягоную думку, краіне патрэбныя агульнанацыянальныя інстытуты для прасоўвання беларускіх тавараў.

«Гэта маглі б быць магутныя парталы накшталт Alibaba. Не ведаю як цяпер, але пару гадоў назад ІП, якія выраблялі цацкі, забаранялася прадаваць свае тавары праз сайт», - сказаў Заіка.

Эканаміст іранізуе над указам дыктатара:

«Румас мог бы больш паспяхова нарошчваць экспарт, калі б Аляксандр Рыгоравіч набыў бы яму вялікі камандзіровачны чамадан з узорамі беларускіх тавараў - напрыклад, з лыжаролераў».

Леанід Заіка таксама распавёў, што апошнія паўтара месяца праводзіць эксперымент.

«Наведвае ў цэнтры Менска крамы і кавярні, куды можа зазірнуць замежнік. Заходжу і пытаюся спачатку на нямецкай, а потым на французскай, ці валодаюць там замежнымі мовамі. Ніхто на праспекце Незалежнасці не гаворыць! Дык які можа быць экспарт, калі нават унутры краіны мы не можам паразумецца з замежнікамі і прадаць хоць бы кубак гарбаты?» - здзіўляецца эканаміст.

«Паводле гэтага загаду можна чакаць чарговага «жорсткага» разносу і замены каманды»

Эканаміст Леў Марголін назваў свежы ўказ Лукашэнкі «яшчэ адной экзатычнай пастановай».

«Урад і так адказвае за ўсю гаспадарчую дзейнасць. А прэм'ер адказвае за ўсю дзейнасць урада. Яшчэ раз ускладаць на Румаса тыя ж функцыі... Гэта можна расцэньваць як жаданне Лукашэнкі нагадаць, хто ў доме гаспадар», - сказаў Марголін.

На думку эканаміста, указ таксама сведчыць пра незадаволенасць Лукашэнкі працай Румаса.

«Прайшоў ужо амаль год з моманту прызначэння новага ўрада, і пакуль прарываў няма. Мы з вамі разумеем, што іх і не будзе - ва ўмовах нерэфармаванай эканомікі. Але Лукашэнка ўсе няўдачы звязвае з няўмелымі выканаўцамі, а не з памылковым курсам. Сваім указам ён нагадаў ураду аб тым, для чаго яго прызначалі (калі ён раптам пра гэта забыўся)», - мяркуе Марголін.

На думку эканаміста, ускладзеная на прэм'ер-міністра персанальная адказнасць на ягоную працу не паўплывае.

«Спадзяюся, што Румас досыць граматны і добрасумленны кіраўнік, і ён без лішняга нагадвання выдатна ведае, што яму трэба рабіць. І робіць гэта ў меру сваіх сіл і магчымасцяў. Іншае пытанне - ці думае Лукашэнка, што прэм'ер выкладваецца цалкам. Адпаведна з гэтым распараджэннем можна чакаць, што перад прэзідэнцкімі выбарамі ці пасля іх адбудзецца чарговы «вельмі жорсткі» разнос і замена каманды. Хоць ужо не ўяўляю, каго там на каго можна мяняць», - адзначыў Марголін.

Апошнія навіны