BE RU EN

Галоўны рэдактар «Гістарычнай праўды» Кіпіяні стаў першым лаўрэатам прэміі імя Гангадзэ

  • 22.05.2019, 9:45

Прэмія была заснаваная сёлета.

Першым лаўрэатам заснаванай у 2019 годзе журналісцкай прэміі імя Георгія Гангадзэ стаў галоўны рэдактар выдання «Гістарычная праўда» і аднайменнага тэлечасопіса на канале ZIK, заснавальнік музея-архіва прэсы, публіцыст, гісторык Вахтанг Кіпіяні. Пра гэта паведамляе «Украінская праўда».

На ўзнагароду прэтэндавалі толькі журналісты, якія працуюць ва Украіне і цягам апошніх пяці гадоў заставаліся ў прафесіі.

У доўгі спіс намінантаў увайшоў 21 журналіст, у шорт-ліст акрамя Кіпіяні патрапілі галоўны выканаўчы дырэктар, сузаснавальнік медыяпраектаў The Ukrainians, заснавальнік праекта Creatives Тарас Пракапішын і першы намеснік галоўнага рэдактара газеты «Люстэрка тыдня» Сяргей Рахманінаў.

Прэмію сумай $3 тысячы ўручылі 21 траўня - у гэты дзень Гангадзэ споўнілася б 50 гадоў.

Журналіст, заснавальнік «Украінскай праўды» Георгій Гангадзэ знік 16 верасня 2000 года. У лістападзе таго ж года ў адным з лясоў Кіеўскай вобласці знайшлі ягонае цела. У 2009 годзе ў Кіеўскай вобласці знайшлі астанкі чэрапа, які, са звестак экспэртызы, належаў журналісту. 22 сакавіка 2016 года Гангадзэ пахавалі ў Кіеве.

У 2008 годзе суд прызнаў вінаватымі ў забойстве Гангадзэ траіх экс-супрацоўнікаў МУС: Валерыя Кастэнку і Аляксандра Паповіча прысудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі, а Мікалая Пратасава - да 13. У 2015 годзе Пратасаў памёр у калоніі. У 2013 годзе за забойства Гангадзэ да пажыццёвага пазбаўлення волі быў прысуджаны экс-начальнік дэпартамента вонкавага назірання МУС Украіны Аляксей Пукач, затрыманы ў 2009 годзе.

Апошнія навіны