РФ прыстрашыла абмежаваць увоз мяса і малака з Беларусі
- 21.05.2019, 19:18
Рассельгаснагляд увёў рэжым узмоцненага кантролю за таварамі 18 беларускіх прадпрыемстваў.
Федэральная служба ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду (Рассельгаснагляд) абвясціла аб увядзенні ўзмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненні да мясной і малочнай прадукцыі, якая пастаўляецца з 18 беларускіх прадпрыемстваў.
Сваю пастанову ведамства патлумачыла тым, што з Беларусі ў Расею працягвае ўвозіцца жывёлагадоўчая прадукцыя, не адпаведная ветэрынарна-санітарным патрабаванням і нормам Еўразійскага эканамічнага звязу (ЕАЭС).
У паведамленні Рассельгаснагляду, між іншым, паказваецца на падвышанае ўтрыманне ў некаторых відах мясной і малочнай прадукцыі бактэрый групы кішэчнай палачкі (БГКП), іншых хваробатворных арганізмаў, мезафільных аэробных і факультатыўна анаэробных мікраарганізмаў (КМАФАнМ) або наяўнасць антыбіётыкаў і іншых прэпаратаў.
У ведамстве паказалі, што калі сітуацыя не зменіцца, то ў дачыненні да прадукцыі гэтых прадпрыемстваў будзе разгледжанае пытанне аб магчымым абмежаванні паставак у Расейскую Федэрацыю.
Рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю ўведзены ў дачыненні да прадукцыі наступных прадпрыемстваў:
ЗАТ «Агракамбінат Нясвіжскі» - БГКП і КМАФАнМ у ялавічыне;
ААТ «Баранавіцкі малочны камбінат» - КМАФАнМ у вяршках;
ААТ «Беллакт» Ваўкавыскае - КМАФАнМ у вяршках;
СТАА «Белсыр» - БГКП і КМАФАнМ у малацэ;
ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат» - БГКП у ялавічыне;
ААТ «Гарадзенскі мясакамбінат» - КМАФАнМ у ялавічыне;
ААТ «Жабінкаўскі камбікормавы завод» - выяўленне не заяўленай вытворцам ГМ-соі ў сухім корме для сабак;
КВУП «Мазырскія малочныя прадукты» - БГКП і КМАФАнМ у малацэ і вяршках;
ААТ «Малако» Віцебск - КМАФАнМ у малацэ;
ПУП «Мсціслаўмалако» - натаміцын у сыры;
ПУП «Аршанскі мясакансервавы камбінат» - тэтрацыклін у ялавічыне;
Філіял Пружанскага раённага спажывецкага таварыства «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» - выяўленне не заяўленай ДНК свінні ў блоках з жылаванай ялавічанай;
ААТ «Рыбгас «Палессе» - выяўленне бактэрый Listeria monocytogenes у прадукцыі з фарэлі;
ПУП «САРЫЯ» - выяўленне не заяўленай ДНК свінні ў крывяной муцэ;
ААТ «Смалявічы бройлер» - выяўленне какцыдыёстатыкаў (дынітракарбанілід і робенідзін) у субпрадуктах куранят-бройлераў;
ААТ «Тураўскі малочны камбінат» - БГКП і КМАФАнМ у малацэ і натаміцын у сыры;
Фермерская гаспадарка «Мінюка» - КМАФАнМ у ялавічыне;
ААТ «Шклоўскі масларобны завод» - КМАФАнМ у малацэ.
У красавіку 2019 года Рассельгаснагляд забараніў увоз з Беларусі ў Расею яблыкаў і груш. Прычынай стала падазрэнне, што пад выглядам беларускай прадукцыі ў Расею ўвозяцца прадукты з краін, якія трапілі пад санкцыі.