BE RU EN

Юрыст: У кожнага пенсіянера забіраюць па некалькі тысяч даляраў на год

  • 21.05.2019, 8:16

Як жывуць беларускія пенсіянеры ў параўнанні з еўрапейскімі?

У Менску ў канцы красавіка прайшоў форум сеньёрскіх (пенсіянерскіх) арганізацый краін «Усходняга партнёрства» і Еўрапейскага Звязу.

Як жыццё беларускіх пенсіянераў адрозніваецца ад еўрапейскіх?

Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да экс-суддзі Канстытуцыйнага суда Беларусі, доктара юрыдычных навук, прафесара Міхаіла Пастухова, які браў удзел у форуме:

- У форуме ўзялі ўдзел дэлегацыі краін «Усходняга партнёрства» (Азербайджана, Арменіі, Малдовы, Украіны, Беларусі, Грузіі) і Еўразвязу (Бэльгіі, Нямеччыны і Нідэрландаў), а таксама двух найбуйнейшых міжнародных сеньёрскіх ініцыятыў (European Seniors' Union і AGE-Plartform).

Гаворка ішла перш за ўсё аб параўнанні становішча пенсіянераў у краінах былога СССР.

- І чым адрозніваецца становішча беларускіх пенсіянераў ад становішча іх калег з «Усходняга партнёрства»?

- У гэтым плане некаторыя рэчы мяне ўразілі. Я быў уражаны тым, наколькі свабодна сябе адчуваюць пенсіянеры ў гэтых краінах, наколькі лёгка і эфектыўна яны кантактуюць з уладай.

Менавіта тут высветліліся дзіўныя змены, якія адбыліся ў жыцці пенсіянераў постсавецкіх краін у параўнанні з беларускімі.

Пенсіянеры ў Азербайджане, Арменіі, Малдове, Украіне і Грузіі адчуваюць сябе больш упэўнена, чым у Беларусі.

Яны ўступаюць у розныя арганізацыі, у тым ліку і палітычныя партыі, яны ствараюць Універсітэты «залатога пакалення», падарожнічаюць, могуць звяртацца да ўлад і быць пачутымі.

У Беларусі - зусім іншая сітуацыя. У нас не зарэгістравана ніводнай арганізацыі, якая б аб'ядноўвала пенсіянераў. Напрыклад, у Беларусі нефармальнае аб'яднанне пенсіянераў «Наша пакаленне» не можа атрымаць афіцыйны статус цягам 10 гадоў. Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групе пад кіраўніцтвам Таццяны Зялко і ейнага сына.

Для ўлады беларускія пенсіянеры - гэта проста нейкія арганізмы, якім трэба плаціць пэўныя грошы на іх існаванне. А пры нашых цэнах і тарыфах гэтыя ўмоўныя 200 даляраў сярэдняй пенсіі (пра якія кажа афіцыйная статыстыка) - гэта значна менш за пакупніцкую здольнасць, чым 80 даляраў сярэдняй пенсіі ў той жа Арменіі ці Украіне.

Нашы пенсіянеры не могуць не тое, каб ствараць свае ўніверсітэты - іх наогул не хоча слухаць і заўважаць улада. Тыя ж актывісты «Нашага пакалення» не раз звярталіся ў Міністэрства працы з прапановамі ўвесці льготы на транспарце або пры куплі лекаў - але атрымлівалі толькі адпіскі.

Высветлілася, што беларускія пенсіянеры - самыя бяспраўныя нават на фоне краін былога СССР. Калі, вядома, яны не з'яўляюцца элітнымі пенсіянерамі, да якіх належаць былыя чыноўнікі або службоўцы дзяржбяспекі, Следчага камітэта, МУС і гэтак далей.

- А як выглядае сітуацыя ў параўнанні з еўрапейскімі пенсіянерамі?

- Гэта, вядома, неба і зямля - не толькі паводле даходаў, але і паводле ролі пенсіянераў у жыцці грамадства.

Вядома, у ЕЗ час выхаду на пенсію крыху большы, чым у нас - у асноўным, на ўзроўні 63-65 гадоў. Але і працягласць жыцця ў мужчын там гадоў на 10 большая, чым у Беларусі. Мужчынскае насельніцтва там паўнавартасна жыве да 80 гадоў, у нас жа мужчыны не заўсёды дажываюць і да 60. Таму ў перспектыве, калі пенсійны ўзрост падымуць да 63 гадоў, многія ў нас да яго проста не дажывуць.

Важны момант: еўрапейцы, акрамя дзяржаўнай пенсіі, атрымліваюць яшчэ і назапашвальныя ўнёскі, якія яны адкладалі цягам усёй сваёй працоўнай дзейнасці.

Гэта значыць, на рукі разам з пенсійным пасведчаннем яны атрымліваюць пенсію, якая перасягае 50% ад заробку, а ў некаторых краінах (такіх як Аўстрыя, Францыя) можна атрымліваць такую ж пенсію, як і заробак на апошнім месцы працы.

Акрамя таго, еўрапейскім пенсіянерам адразу выдаюць на рукі назапашвальны ўнёсак на ўзроўні 35 тысяч еўраў. Гэта вельмі добры бонус, і еўрапейскія пенсіянеры – вельмі заможныя людзі. Яны падарожнічаюць, яны купляюць сабе ў іншых краінах дамкі на беразе мора, яны працягваюць актыўную палітычную дзейнасць і адукацыю.

Гэта значыць, яны застаюцца паўнапраўнымі і актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця. Чаго нельга сказаць пра нашых пенсіянераў. Нават тыя, хто прыйшоў на гэты форум у Менску (а гэта - найбольш актыўныя прадстаўнікі сеньёрскага пакалення) прызнавалі: мы ніхто ў гэтай дзяржаве, з намі ніхто не лічыцца.

Нават пенсіянеры з Арменіі, Грузіі і Украіны на форуме былі поўнымі энэргіі людзьмі, якія снуюць палітычныя планы, дамагаюцца нейкіх праграм разам з урадам.

- У Арменіі нешта змянілася ў жыцці пенсіянераў пасля «аксамітнай» рэвалюцыі?

- Безумоўна. Прадстаўнікі гэтай краіны асабліва парадавалі на форуме. Яны стварылі цэлую праграму паляпшэння становішча пенсіянераў разам з урадам Нікола Пашыняна. Яны ўпэўненыя, што найбліжэйшым часам давядуць сярэднюю пенсію з 80 да 200 даляраў (што пры іх узроўні коштаў дае значна больш магчымасцяў, чым у Беларусі).

- Што вы думаеце з нагоды падвышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі? Наколькі гэта законна?

- Пенсійны ўзрост падвышаюць шмат дзе. Але выклікае непрыманне тое, як беларускія ўлады гэта зрабілі. У іншых краінах гэта робіцца больш паступова, з выкарыстаннем адпаведнай кампенсацыі, падвышэннем узроўню медыцынскага і сацыяльнага абслугоўвання.

У нас жа гэта зрабілі нязграбна, адным указам Лукашэнкі – падвысіць узрост. Тым самым за 1,5-2-3 у людзей адабралі законна заробленыя пенсіі. Калі правесці падлікі, то атрымаецца, што ў кожнага з беларускіх пенсіянераў забіраюць па некалькі тысяч даляраў за год. Людзей проста вымусілі ўсе гэтыя гады бясплатна працаваць на дзяржаву.

Акрамя таго, у пенсіянераў, якія працуюць робяць незаконныя вылікі з заробку. Нельга прызнаць законным і тое, што адным указам значна паднялі страхавы стаж, які патрабуецца для атрымання поўнай пенсіі з прычыны ўзросту.

Калі раней ён складаў 5 гадоў, цягам якіх трэба было плаціць унёскі ў Пенсійны фонд, то цяпер ён складае 18 гадоў і будзе яшчэ падвышацца - да 25 гадоў. Гэта значыць, людзей у Беларусі прымушаюць працаваць практычна да смерці!

Больш за тры тысячы чалавек патрапілі ў пастку страхавога стажу, калі пенсійны ўзрост дасягнуты, а працоўную пенсію атрымаць немагчыма - не стае патрэбных «гадоў» для яе атрымання.

Гэта – уцісканне правоў паджылых людзей у Беларусі. Пры падвышэнні пенсійнага ўзросту інтарэсы пенсіянераў ніхто не ўлічваў. А гэта ж закране практычна ўсіх беларусаў. Гэта фактычна - парушэнне маёмасных і асабістых правоў грамадзян. Ніякага апраўдання гэтаму няма.

Думаю, што калісьці нам давядзецца вярнуцца да гэтага пытання і ажыццявіць справядлівую, дэмакратычную, законную пенсійную рэформу.

Апошнія навіны