BE RU EN

Для загрузкі беларускіх НПЗ усё яшчэ бракуе чыстай нафты

  • 19.05.2019, 16:43

Менск яшчэ раз праінфармаваў РФ, што беларускі бок гатовы прымаць большы, чым цяпер, аб'ём нафты.

Беларусь узгадніла праект «дарожнай мапы» для аднаўлення транзіту нафты з РФ у кірунку Еўропы, дакумент накіраваны ў Маскву, заявіў віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка. Аб пазіцыі Менска піша interfax.

«Пасля перамоваў паміж мной і расейскім віцэ-прэм'ерам Дзмітрыем Казаком, якія адбыліся 16 траўня ў Маскве, у адпаведнасці з нашымі дамоўленасцямі група беларускіх і расейскіх спецыялістаў абмеркавала і падрыхтавала праект «дарожнай мапы» мерапрыемстваў для замяшчэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь расейскай нафты неналежнай якасці», - сказаў Ігар Ляшэнка.

Паводле слоў беларускага віцэ-прэм'ера, разумеючы важнасць гэтага дакумента і неабходнасць яго строгага выканання ўсімі бакамі, ён прапанаваў ухваліць «дарожную мапу» на ўзроўні віцэ-прэм'ераў дзвюх дзяржаў.

«Са свайго боку мы ўзгаднілі праект «дарожнай мапы» і накіравалі для падпісання Дзмітрыю Казаку», - паведаміў Ляшэнка.

Віцэ-прэм'ер таксама растлумачыў, што рэалізацыя мерапрыемстваў, якія ёсць у «дарожнай мапе», прадугледжвае забеспячэнне сыравінай беларускіх НПЗ і аднаўленне транзітнага транспартавання расейскай нафты ў кірунку еўрапейскіх дзяржаў.

«Пры гэтым падкрэслю, што беларускі бок ужо прыступіў да выканання першапачатковых крокаў «дарожнай мапы», - сказаў ён.

Акрамя таго, Ляшэнка паведаміў, што Менск яшчэ раз праінфармаваў расейскіх калег, што беларускі бок гатовы прымаць для перапрацоўкі ў ААТ «Нафтан» большы, чым цяпер, аб'ём расейскай нафты, якая пастаўляецца па маршруце Невель - Полацк - ААТ «Нафтан», і прапануе ў максімальна кароткія тэрміны павялічыць аб'ём яе пастаўкі, не ўвязваючы гэты крок з выкананнем іншых мерапрыемстваў.

Канцэрн «Белнафтахім» у пятніцу праінфармаваў, што на 17 траўня 2019 года ААТ «Гомельтранснафта «Дружба» (беларускі аператар нафтаправода «Дружба») забяспечвае прапампоўванне якаснай нафты для ААТ «Мазырскі НПЗ» (Гомельская вобл.) у аб'ёме, які патрабуецца для яго поўнай вытворчай загрузкі.

Другі беларускі НПЗ - ААТ «Нафтан» (Наваполацк, Віцебская вобл.) працуе на зніжанай загрузцы праз недастатковы аб'ём чыстай нафты, якая паступае па нафтаправодзе «Сургут - Полацк». У канцэрне адзначаюць, што трубаправод Унеча - Полацк, па якім на «Нафтан» раней пастаўлялася нафту, запоўнены «бруднай» нафтай і прастойвае.

Канцэрн «Белнафтахім» 19 красавіка паведаміў пра паступленне па нафтаправодзе «Дружба» нафты з павышаным утрыманнем хлорарганікі. Пастаўкі кандыцыйнай нафты ў Беларусь аднавіліся 4 траўня.

Апошнія навіны