BE RU EN

Казахстан мае намер урэгуляваць пытанне шкоды ад «бруднай» нафты на ўзроўні кампаній

  • 19.05.2019, 15:12

Пакуль няма дакладных звестак аб тым, якія аб'ёмы казахскай нафты ў нафтаправодзе «Дружба» маглі пацярпець.

Мінэнэрга Казахстана разлічвае, што пытанне шкоды ад забруджвання нафтаправода «Дружба» будзе ўрэгуляванае на ўзроўні «КазТрансОйла» і «Транснафты». Пра гэта журналістам сказаў у нядзелю намеснік міністра энэргетыкі краіны Магзум Мірзагаліеў у кулуарах маніторынгавага камітэта АПЕК+, паведамляе ТАСС.

«Стасункі паміж «КазТрансОйлам» і «Транснафтай» вельмі даўнія і сяброўскія. Таму, я думаю, нам не варта рабіць з гэтага нейкую вялікую трагедыю, абмяркуем у рамках нашых партнёрскіх дачыненняў», - сказаў ён.

Паводле слоў намесніка міністра, пакуль няма дакладных звестак аб тым, якія аб'ёмы казахскай нафты ў нафтаправодзе «Дружба» маглі пацярпець. «Гэта пытанне, якое мы яшчэ толькі будзем вывучаць. Наконт грашовай шкоды таксама няма ніякіх ацэнак. Мы будзем абмяркоўваць гэта паміж «КазТрансОйлам» і «Транснафтай», - сказаў ён, дадаўшы, што перамовы могуць пачацца найбліжэйшым часам. Пры гэтым Казахстан прадаўжае адгрузку нафты ў «Дружбу», сказаў ён.

Нагадаем, Беларусь і Расея дамовіліся аб стварэнні рабочай групы для ацэнкі страт ад забруджанай нафты і спосабаў іх кампенсацыі. Віцэ-прэм'ер РФ Дзмітрый Казак паведаміў, што расейскі бок гатовы выплаціць кампенсацыі ўсім краінам, якія давядуць панесеныя страты праз сітуацыю з «Дружбай». З ягоных слоў, аб кампенсацыі шкоды беларускім НПЗ ёсць шмат розных пытанняў.

15 траўня міністр энэргетыкі Расеі Аляксандр Новак заявіў, што агульная шкода ад забруджвання нафты ў трубаправодзе, на ягоную асабістую ацэнку, можа скласці не больш за 100 млн даляраў. Раней Аляксандр Лукашэнка ацэньваў шкоду толькі адной Беларусі ад пастаўкі няякаснай нафты ў сотні мільёнаў даляраў. Шкода Беларусі ад праблем з якасцю расейскай нафты можа скласці ад 271,3 млн даляраў да 435,3 млн даляраў, падлічылі «Ведомости», зыходзячы з наяўных звестак.

Апошнія навіны