BE RU EN

Чаму маладыя беларусы не могуць знайсці працу?

  • 17.05.2019, 9:19

Будучыня эканомікі XXI стагоддзя за маладымі.

Але пакуль яны часцей за астатніх застаюцца без працы.

Узровень фактычнага беспрацоўя сярод людзей ад 20 да 30 гадоў утрая вышэйшы, чым у сярэднім у краіне — на 14,6% супраць 4,6%. І гэта пры масавай практыцы абавязковага размеркавання выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў і росце ролі ў эканоміцы інавацыйных сфер, піша zautra.by.

Што перашкаджае маладым людзям знайсці сабе месца на рынку працы?

Нізкія даходы і высокія патрабаванні

Тое, што беспрацоўе сярод моладзі вышэйшае, чым агулам у краіне, - стандартная сітуацыя для эканомікі. Гэта характэрна і для еўрапейскіх краін, адзначае сацыёлаг Алена Арцёменка.

- З аднаго боку, моладзь больш мабільная, часцей знаходзіцца ў сітуацыі змены/пошуку працы. А тыя, хто шукае працу або гатовы прыступіць да яе найбліжэйшым часам, акурат і трапляе ў катэгорыю беспрацоўных. З іншага, не валодаючы досведам, маладыя людзі часта сутыкаюцца з бар'ерамі пры найманні, - тлумачыць экспэрт.

Сітуацыя пагаршаецца дыскрымінацыяй з розных прычын пры прыёме на працу, і на працоўным месцы ў маладых людзей больш імавернасці патрапіць у нявыгадную сітуацыю, праз гэта ў іх вышэйшая рызыка звальнення.

Даследаванне грамадскага аб'яднання «Гендэрныя перспектывы» аб дыскрымінацыі на рынку працы паказала, што ў мужчын часта ўзнікаюць праблемы ў сувязі з узростам (пераважна, маладым), а ў маладых жанчын — у сувязі з сямейным становішчам.

Жанчыны складаюць амаль палову маладых сушукальнікаў.

- Праблемы ў жанчын праз пытанні пра сямейнае становішча, дзяцей, планы на дэкрэт пры найманні ўзнікаюць, калі яна маладая і не замужам: «Выйдзе замуж — сыдзе ў дэкрэт». А таксама калі яна замужам і не мае дзяцей: «Дакладна сыдзе ў дэкрэт», і калі ёсць дзеці, - падкрэслівае Алене Арцёменка.

Уносіць свой уклад і падвышэнне пенсійнага ўзросту, пастанова аб якім прымалася ў першую чаргу дзеля памяншэння дэфіцыту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. У выніку людзі перадпенсійнага ўзросту працягваюць даўжэй працаваць.

На думку навуковага супрацоўніка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Алега Мазоля, хоць у краіне развіваюцца IT і «крэатыўныя» сферы, але гэта досыць складаныя эканамічныя кірункі, дзе запатрабаваныя работнікі з высокімі прафесійнымі навыкамі.

- Трэба мець веды моў праграмавання, плюс кампаніі шукаюць работнікаў з мінімальным досведам блізу 3-х гадоў. Проста так уладкавацца працаваць у прэстыжную фірму і атрымліваць добрыя грошы не ўдаецца − - каментуе ён.

Калі абагульніць, то нядаўнім студэнтам не дазваляе атрымаць магчымасць працаваць у годнай кампаніі або дзяржустанове ўзровень ведаў і адсутнасць досведу.

- Створаныя працоўныя месцы не стымулююць маладых людзей імкнуцца іх заняць, бо ўзровень заробку ў Беларусі не вельмі высокі, а для недасведчаных кадраў — даволі нізкі, — адзначае экспэрт BEROC.

Перспэктыва нізкіх даходаў адбіваецца і на нежаданні моладзі ўкладваць сродкі і сілы ў падвышэнне ўзроўню ведаў праз спецыяльныя адукацыйныя курсы.

Адукацыя - ахілесава пята прафесійнай неўладкаванасці маладых людзей

У значнай ступені праблемы «гняздуюцца» ў адукацыі, кажа сябра Грамадскага Балонскага камітэта, прафесар Уладзімір Дунаеў.

- У нас атыповая сітуацыя з якасцю чалавечага капіталу. Высокі ўзровень адукаванасці павінен карэляваць з узроўнем эканамічнага развіцця, ВУП на душу насельніцтва. Але ў постсавецкіх краінах так не атрымліваецца. І быццам бы насельніцтва ў нас адукаванае, але жывем мы не багата, - адзначае экспэрт.

Уладзімір Дунаеў тлумачыць гэты феномен разрывам паміж сістэмай адукацыі і рынкам працы, адсутнасцю злучных механізмаў.

- Паводле нашых абавязанняў Балонскага працэсу мы павінны развіваць нацыянальную рамку кваліфікацыі з сістэму прафесійных стандартаў, якія адлюстроўваюць запыт працадаўцаў да кампетэнцый выпускнікоў. Але працэс гэты ідзе ў вышэйшай ступені павольна, - кажа прафесар.

У лічбах сітуацыя ў краіне выглядае вельмі прыгожа - прыкладна 90% маладых беларусаў маюць вышэйшую адукацыю. Але дыплом не моцна падвышае іх каштоўнасць на рынку працы - працадаўцы рэгулярна скардзяцца на тое, што нядаўніх выпускнікоў даводзіцца перанавучаць, а бізнэс наракае на брак кваліфікаваных кадраў.

- Але выпускае сістэма адукацыі спецыялістаў не вельмі высокай кваліфікацыі. Да прыкладу, дзель магістрантаў у нас у 13 разоў меншая, чым у сярэднім у Еўропе — распавядае Уладзімір Дунаеў.

Маладыя людзі нярэдка выбіраюць прафесію, абапіраючыся не на магчымасці раскрыць свой патэнцыял і попыт у эканоміцы, а згодна з рэкамендацыямі бацькоў, больш высокім перспектывам прайсці конкурс, каб атрымаць хоць нейкі «дыплом».

Якое выйсце?

На першае месца ў ланцужку дзеянняў, здольных змяніць сітуацыю, экспэрты ставяць рэформы ў адукацыі ў плане павышэння яе якасці ў цэлым і большай накіраванасці на запыты рынку працы.

- Сякія-такія крокі робяцца. І нават у правільным кірунку, але яны такія нясмелыя і павольныя, што мы не даганяем лідараў, а ўсё больш ад іх адстаём, — канстатуе Уладзімір Дунаеў.

Чалец Грамадскага Балонскага камітэта ўважае за не самы ўдалы выбар спрыяць працаўладкаванню выпускнікоў праз цяперашні фармат размеркавання. Ёсць шмат больш сучасных і паспяховых мадэляў, якія выкарыстоўваюцца ў іншых краінах.

- Кампаніі, у якіх ёсць попыт на новых супрацоўнікаў, таксама павінны ствараць умовы ў адукацыйнай сферы для таго, каб фармаваць пэўны ўзровень чалавечага капіталу, які б іх задаволіў, — кажа Алег Мазоль.

З'яўленню новых працоўных месцаў будзе спрыяць рост эканомікі і годныя ўмовы для развіцця бізнэсу, што магчыма пасля правядзення серыі эканамічных рэформаў.

Апошнія навіны