BE RU EN

ЗША пашырылі санкцыі паводле закона Магніцкага

  • 16.05.2019, 21:42

Пра гэта паведаміла міністэрства фінансаў ЗША.

Упраўленне кантролю за замежнымі інвестыцыямі (OFAC) Мінфіна ЗША ўключыла ў санкцыйны спіс спецатрад Расгвардыі «Церак» і пяць чалавек. Гэта былы афіцэр чачэнскага батальёна «Поўнач» Руслан Герамееў, Генадзь Карлаў, Сяргей Касіеў, Алена Трыкуля і Абузайд Вісмурадаў, паведамляе forbes.ru.

Усе яны ўключаныя ў SDN-ліст (Specially Designated Nationals List) - гэта спіс асоб асаблівых катэгорый, у дачыненні да якіх прымяняецца блакаванне актываў у ЗША, адмова ў візе і іншыя санкцыі, за якія адказвае OFAC.

Руслан Герамееў - пляменнік дэпутата Дзярждумы РФ Адама Дэлімханава і сенатара Сулеймана Герамеева, пісала «Новая газета». Родны брат Адама Дэлімханава Алібэк, паводле звестак «Коммерсанта», - камандзір грозненскага батальёна «Поўнач», дзе служылі Руслан Герамееў і Заур Дадаеў, якога ў 2017 годзе суд прысудзіў да 20 гадоў строгага рэжыму за забойства палітыка Барыса Нямцова. Заказчыкам і арганізатарам забойства Следчы камітэт называў Руслана Мухудзінава - кіроўцу Герамеева. Мухудзінаў быў аб'яўлены ў вышук. Родныя Нямцова настойвалі на допыце самага Герамеева па гэтай справе, але вызначыць яго месцазнаходжанне следству таксама не ўдалося. Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў магчымае дачыненне Герамеева да забойства аспрэчваў. «Герамееў - адзін з самых найлепшых воінаў, якія абаранялі нашу дзяржаву, Расею», - заяўляў ён.

САХР «Церак» - адно з адмысловых ваенізаваных падраздзяленняў Федэральнай службы нацыянальнай гвардыі ў Чачні. Трапіў пад санкцыі Абузайд Вісмурадаў - яго камандзір, але фактычна ён «нязменны начальнік аховы Кадырава», пісала летась Расейская служба Би-Би-Си, адзначаючы, што Вісмурадаў з'яўляецца побач з кіраўніком Чачні амаль на кожнай сустрэчы і мерапрыемстве. «Гэта чалавек сціплы, адважны і пры гэтым вельмі сумленны і добры, сталёвы воін, якому кіраўнік Чачэнскай рэспублікі давярае бязмерна», - казаў міністр друку Чачні Джамбулат Умараў. Кадыраў, віншуючы Вісмурадава з днём нараджэння ў сацсетках, адзначаў: «Мы з дзяцінства выраслі разам, з'яўляемся блізкімі сябрамі са школьнай лавы».

Сам Кадыраў знаходзіцца пад санкцыямі паводле закона Магніцкага з 2017 года.

Апошнія навіны