BE RU EN

Дырэктар расейскага касмічнага НДІ ўцёк за мяжу

  • 15.05.2019, 11:39

Інстытут займаецца распрацоўкай электроннай базы для расейскіх спадарожнікаў і вайсковай тэхнікі.

Генеральны дырэктар расейскага Навукова-даследчага інстытута касмічнага прыборабудавання Юрый Яскін уцёк за мяжу на фоне аўдытарскай праверкі арганізацыі. Інстытут займаецца распрацоўкай электроннай базы для расейскіх спадарожнікаў і вайсковай тэхнікі, у тым ліку, балістычных ракет. Топ-мэнэджар з'ехаў з Расеі пад выглядам выправы, а з-за мяжы напісаў заяву аб звальненні, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на газету «Коммерсант».

Пра сітуацыю, якая склалася вакол НДІ, газеце распавялі два топ-мэнэджары прадпрыемстваў абароннай прамысловасці. У красавіку падраздзяленне інстытута, якое адказвае за захаванне рэжыму сакрэтнасці, выдала Яскіну замежны пашпарт для працоўнай выправы. Пасля яе заканчэння мэнэджар даслаў у Раскосмас, які кіруе інстытутам, заяву аб звальненні.

Яскін працаваў у НДІ з перапынкамі з 1993 года. У 2011 годзе ён стаў першым намеснікам гендырэктара прадпрыемства, а праз год - яго кіраўніком і галоўным канструктарам. У 2019 года ў прадпрыемствах касмічнай прамысловасці праводзіцца масавы аўдыт, былі распачатыя 14 крымінальных спраў. Адзін з суразмоўцаў «Коммерсанта» мяркуе, што дырэктар мог уцячы, баючыся праверак.

Згодна інфармацыі газеты, цяпер былы кіраўнік знаходзіцца ў Грэцыі. Ён, інстытут і Раскосмас на момант публікацыі матэрыялу не каментавалі.

Апошнія навіны