BE RU EN

Новая прапанова Лукашэнкі здольная выклікаць толькі ўсмешку

  • 15.05.2019, 11:28

Выказванне дыктатара выглядае неверагоднай фантазіяй.

Пры наведванні Студэнцкай вёскі ў Менску 11 траўня, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што калі краіна паспяхова правядзе II Еўрапейскія гульні, то можа прыняць больш буйныя спаборніцтвы - напрыклад, чэмпіянат Еўропы ў футболе. І для гэтага трэба пабудаваць ёмісты нацыянальны стадыён, які ўжо неўзабаве створаць у Менску кітайцы.

«Мы гэта найбліжэйшыя два гады зробім, і тады можам замахнуцца на што хочаце», - выказаў упэўненасць Лукашэнка

Udf.by тлумачыць, што не так з прапановай Лукашэнкі.

Як Беларусь наогул, хоць бы ў тэорыі, можа прыняць чэмпіянат Еўропы ў футболе?

Выказванне Лукашэнкі магло здацца неверагоднай фантазіяй, бо чэмпіянат кантыненту ў футболе - звышпапулярны турнір, статус якога не ідзе ні ў якой параўнанне, напрыклад, з чэмпіянатам свету ў хакеі. Раней кантынентальныя турніры прымала адна з багатых заходніх краін, дзе для гэтага ёсць патрэбная інфраструктура ў выглядзе прыкладна дзясятка сучасных стадыёнаў.

У Беларусі, як няцяжка здагадацца, такіх умоў няма і быць не можа. І ўсё ж словы Лукашэнкі можна растлумачыць з пункту гледжання здаровага сэнсу.

Відавочна, ён у ведае, што ЧЕ-2020 упершыню ў гісторыі пройдзе ні ў адной або дзвюх краінах, а адразу на 13 стадыёнах розных гарадоў Еўропы, сярод якіх ёсць Санкт-Пецярбург і Баку. Магчыма, Лукашэнка выказаў меркаванне, што пры такім фармаце Беларусь мае шанец прыняць чэмпіянат Еўропы, нават маючы ўсяго адзін сучасны стадыён.

І ўсё ж ён моцна памыляецца.

Тры прычыны, чаму шанцы на правядзенне ў Беларусі ЧЕ ў футболе роўныя практычна нулю

Пачнем з фіксавання канкрэтнага факту. Нават калі кітайцы пабудуюць у Менску стадыён высокага ўзроўню (у чым ёсць вельмі вялікія сумневы, бо ён будзе ўзводзіцца бясплатна), яго ўмяшчальнасць будзе значна ніжэйшая, чым у буйных арэн у Еўропе.

Сярод 13 стадыёнаў, якія прымуць ЧЕ-2020 няма ніводнага, умяшчальнасцю менш за 50 тысяч гледачоў. Заяўленая ёмістасць новай арэны ў Менску, якая будзе самай буйной ва ўсёй Беларусі, - 33 тысячы.

Другая яшчэ больш важная прычына: фармат ЧЕ-2020, калі турнір прымуць адначасова больш за дзясятак краін, з'яўляецца экспэрыментальным і ў найбліжэйшым дзесяцігоддзі паўтораны не будзе. ЧЕ-2024 пройдзе ў Нямеччыне. Турнір 2028 года могуць правесці такія буйныя футбольныя краіны як Гішпанія, Італія або Англія. Плануецца супольная заяўка ад Сербіі, Грэцыі, Балгарыі і Румыніі, але ў кожным выпадку ў кожнай з гэтых краін ёсць не адна, а некалькі годных арэн.

У 2032 годзе шанцы ў Беларусі таксама не праглядаюцца - нават калі надумаюць вярнуцца да эксперыментальнага фармату з правядзеннем турніру адначасова ў дзясятцы краін. Спраектаваны кітайцамі стадыён, калі і не састарэе да моманту будаўніцтва, то да таго часу дакладна не зможа канкураваць з новымі еўрапейскімі арэнамі.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што Лукашэнка, як відаць, глядзіць на спартыўную інфраструктуру ў Беларусі праз ружовыя акуляры. У краіне сапраўды ёсць некалькі нядрэнных хакейных арэн, але што тычыцца тых жа футбольных стадыёнаў - тут бяда.

Толькі адзін прыклад: пакуль стадыён «Дынама» знаходзіўся на рэканструкцыі, у Менску шэсць гадоў (!) немагчыма было праводзіць статутныя матчы, і нацыянальная каманда ездзіла гуляць у Барысаў на маленькі, але адзіны сучасны стадыён у краіне.

Пры такім стаўленні новая прапанова Лукашэнкі аб правядзенні чэмпіянату Еўропы ў футболе здольная выклікаць у заўзятараў толькі ўсмешку.

Апошнія навіны