BE RU EN

У другі тур выбараў прэзідэнта Літвы выходзяць Інгрыда Шыманітэ і Гітанас Наўседа

  • 13.05.2019, 7:34

Кандыдатаў падзялілі сотыя долі адсотка галасоў.

Былая міністарка фінансаў Інгрыда Шыманітэ і літоўскі эканаміст Гітанас Наўседа праходзяць у другі тур выбараў прэзідэнта Літвы. Як паведаміла Галоўная выбарчая камісія раніцай панядзелка, 13 траўня, разрыў паміж двума пераможцамі першага тура склаў некалькі сотых адсотка. Паводле папярэдніх вынікаў, экс-міністарка атрымала 30,95 адсотка галасоў, а за былога дарадцу прэзідэнта літоўскага SEB банка прагаласавалі 30,94 адсотка выбарцаў, паведамляе dw.com.

Дзейны прэм'ер-міністр Саўлюс Скверняліс набраў 19,85 адсотка галасоў. Кіраўнік урада прызнаў сваю паразу і заявіў, што 12 ліпеня сыдзе ў адстаўку.

Прыход на першым туры выбараў склаў крыху больш за 55 адсоткаў. Адначасова з прэзідэнцкімі выбарамі ў Літве прайшлі два рэферэндумы - аб падвойным грамадзянстве і скарачэнні колькасці парламентарыяў.

Другі тур выбараў - 26 траўня

За пасаду прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі змагаліся дзевяць кандыдатаў. Для абрання прэзідэнтам у першым туры патрабавалася набраць больш за палову галасоў ад агульнай колькасці выбарцаў. Другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Літве адбудзецца 26 траўня.

Прэзідэнт Літвы абіраецца на 5 гадоў і не больш чым на два тэрміны запар. З траўня 2009 года гэтую пасаду займае Даля Грыбаўскайтэ.

Апошнія навіны