BE RU EN

Улады Берасця забаранілі 15 мітынгаў супраць акумулятарнага завода «праз кляшчоў»

  • 12.05.2019, 18:58

Са студзеня мінулага года да сённяшняга дня актывісты падалі больш за сотню заявак на правядзенне акцый пратэсту.

Улады забаранілі 15 мітынгаў супраць акумулятарнага завода, запуск якога павінен адбыцца ў траўні, «праз кляшчоў».

Берасцейскія актывісты звярнуліся да ўладаў з просьбай дазволіць правесці з 13 да 17 траўня 15 мітынгаў на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў.

У сваім адказе заяўніку Раману Кісляку ўлады паведамілі, што менавіта ў гэтыя дні ў парку запланаваны мерапрыемствы супраць кляшчоў.

«Нам адмаўляюць у любым выпадку, таму мы падаем заяўкі на правядзенне мітынгаў у разнастайныя месцы і час, каб праверыць, якія яшчэ прычыны для адмовы, яны прыдумаюць. Гэтым разам нам адмовілі, бо ў парку, маўляў, плануюцца мерапрыемствы супраць кляшчоў», - распавёў «Белсату» берасцейскі актывіст Аляксандр Кабанаў.

Больш за год берасцейцы пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода «iPower» у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Жыхары горада сцвярджаюць, што прадпрыемства можа негатыўна паўплываць на экалогію ў рэгіёне.

Са студзеня мінулага года да сённяшняга дня актывісты падалі больш за сотню заявак на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне акцый пратэсту. Улады санкцыянавалі толькі мітынг «берасцейкі супраць свінцу» ў красавіку 2018-га. Тады ў парк Воінаў-інтэрнацыяналістаў прыйшло блізу двух тысяч чалавек.

Апошнія навіны