BE RU EN

Уладальнікі аўто масава байкатуюць тэхагляд

  • 8.04.2019, 10:23

Беларусы не хочуць плаціць транспартны збор.

Сёння камфорт пры перамяшчэнні залежыць не толькі і не столькі ад мадэлі аўто, колькі ад якасці дарог. Навіна, якую кіроўцы не прапусцілі: з красавіка дарожны збор мы павінны былі плаціць па-новаму. Але нешта не склалася, і гэтая працэдура па-ранейшаму прывязаная да тэхагляду. Як плаціць, каму, калі і колькі - гаворыцца ў рэпартажы АНТ.

Станцыя тэхагляду на выездзе са сталіцы. Працуюць дзве лініі, а дакладней толькі адна. Другую ўключаюць, калі чарга большая за тры аўтамабілі, а такога тут даўно не назіраецца. У дзень тэхагляд праходзяць дзесьці 30-40 аўто.

Сяргей Каравацкі, начальнік філіяла прадпрыемства «Белтэхагляд» у Менску: «У маштабах краіны можна канстатаваць той факт, што колькасць транспарту з дзяржаўным тэхнічным аглядам год ад года змяншаецца. Мы назіраем падзенне попыту на гэтую паслугу з 2014 года прыблізна па 10% кожны год».

У канцы мінулага года ў краіне было зарэгістравана 4 290 000 аўто, тэхагляд з іх прайшлі толькі 1 240 000. І справа тут нават не ў самім тэхаглядзе, бо адначасова з платай за тэхагляд дзяржава спаганяе дзяржаўны збор за выдачу дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху - транспартны падатак. Сума - ад 76,5 рубля за легкавы аўтамабіль да 637,5 рубля за цяжкі грузавік.

Аўтамабіляў на дарогах год ад года ўсё большае, таму імавернасць спынення супрацоўнікам ДАІ становіцца ўсё меншай. Штраф - ад адной да трох базавых адзінак. Альбо папярэджанне. Калі на дарозе моцна не імчаць, то больш выгадна тэхагляд не праходзіць і транспартны збор не плаціць.

Часта менавіта тэхнічны стан аўто становіцца прамой альбо ўскоснай прычынай ДТЗ. Пра гэта сведчыць і статыстыка ДАІ.

Станіслаў Салавей, старшы інспектар у асаблівых даручэннях УДАІ МУС: «За апошнія пяць гадоў мы бачым, што павялічваецца колькасць людзей, якія не праходзяць дзяржаўны тэхагляд. Яны прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці, але з пункту гледжання бяспекі дарожнага руху, вядома ж, трэба, каб аўтамабілі былі ў тэхнічна спраўным стане. Праходжанне тэхагляду, напэўна, стымулюе людзей, каб яны сачылі за сваімі аўтамабілямі».

Многія ўвогуле наракаюць на мэтазгоднасць такога падатку. Грошы ідуць у дарожны фонд, на рамонт дарог. У апошнія гады менавіта гэтыя сродкі складаюць блізу паловы дарожнага бюджэту, а ён увесь час у дэфіцыце, бо аўто ўсё больш. На падтрыманне аўтастрад у належным стане прыцягнулі і блізу мільярда даляраў замежных пазык.

Іван Левановіч, кіроўца: «Я чакаў час да вясны. Цяпер мне на лецішча ездзіць трэба, і я аплаціў гэты падатак, але я мяркую, што гэта няправільна. У бензін - вось гэта будзе правільна».

Тое, што падатак трэба неяк мяняць, было зразумела ўжо даўно. І праект такога неабходнага ўказа нават прайшоў працэдуру грамадскага абмеркавання.

Прапаноў ад грамадзян было блізу 300. Дзесьці траціна выказвалася менавіта за ўключэнне дзяржаўнага збору ў кошт паліва. Аргумент супраць - расейская нафта да 2024 года для нас будзе каштаваць столькі ж, колькі і для астатніх краін.

Ігар Пуркалік, начальнік галоўнай управы Міністэрства фінансаў Беларусі: «Нафтаперапрацоўка цяпер стратная. Нават для таго, каб выйсці на нулявую рэнтабельнасць, трэба яшчэ і павелічэнне гэтага кошту, паводле ацэнак «Белнафтахіма», на 9-13 капеек».

У праекце ўказа аплачваць транспартны падатак прапануецца праз АРІП. Плаціць можна толькі за той перыяд, падчас якога бярэш удзел у дарожным руху. Калі праходзіш на год і больш - зніжка 20%.

Апошнія навіны