«Настоящее время»: У Менску прайшоў малебен за захаванне мемарыяла ў Курапатах
- 8.04.2019, 9:11
Сусветныя СМІ пішуць пра нядзельнае набажэнстве каля Менскага Свята-Духавага кафедральнага сабора.
Беларускі АМАП і «людзі ў цывільным» затрымалі апазіцыянера Мікалая Статкевіча на выхадзе з дому перад малебнам за захаванне помніка ахвярам расстрэлаў у Курапатах.
Статкевіч заклікаў жыхароў Менска выйсці 7 красавіка на плошчу перад Свята-духавым кафедральным саборам у цэнтры горада на малебен за Курапаты. Напярэдадні ўлады знішчылі частку крыжоў, якія былі ўсталяваныя ў памяць аб расстраляных палітвязнях у часы сталінскіх рэпрэсій, піша «Настоящее время».
Апоўдні на плошчы перад саборам сабраліся актывісты, у тым ліку паэт Уладзімір Някляеў. Ён падкрэсліў, што прыйшоў маліцца не як палітык, а грамадзянін. Паплечнік Статкевіча Сяргей Спарыш зачытаў перад прысутнымі зварот Статкевіча з заклікамі не мірыцца са здарэннем.
Частка тых, хто прыйшоў да сабора прынеслі крыжы і бел-чырвона-белыя сцягі. Супрацоўнік міліцыі папярэдзілі прысутных, што тое, што адбываецца нібыта не санкцыянавана, але яму адказалі, што санкцыянаваць малебны згодна з законам не трэба. Каля сабора затрыманняў не адбылося, але прысутных здымалі на камеры «людзі ў цывільным».
Айцец Вікенцій, іераманах Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, зачытаў перад прысутнымі малітву. Святары БПЦ Маскоўскага патрыярхату да людзей ля сабора не выйшлі.
Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель таксама заклікаў прысутных прыходзіць і ў Курапаты на малітвы, якія ладзяцца там кожны вечар а 19 гадзіне.
Мемарыял знаходзіцца на паўночна-ўсходняй мяжы Менска. У 1937-1940 гадах тут знаходзілася найбуйнейшае ў Беларусі месца масавых расстрэлаў і пахаванняў рэпрэсаваных. З розных ацэнак, у Курапатах супрацоўнікі НКУС расстралялі ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек. У 90-я гады актывісты ўсталявалі на месцы расстрэлаў драўляныя крыжы ў памяць аб загінулых.
У пачатку красавіка 2019-га ўлады знішчылі першыя 100 крыжоў. Усе пад'езды да Курапатаў былі заблакаваныя, а сведкі налічылі восем экскаватараў, якія нішчаць крыжы па ўсім перыметры мемарыяла.
Беларускія ўлады неаднаразова спрабавалі скараціць ахоўную зону вакол мемарыяла. У 2011 годзе на некалькіх дзясятках метраў ад крыжоў, устаноўленых у памяць аб загінулых, пачалося будаўніцтва рэстараннага комплексу «Бульбаш-хол». Актывісты неаднаразова пратэставалі супраць будоўлі, дамагаючыся спачатку яе спынення, а потым закрыцця рэстарацыі. Аднак установа працуе дагэтуль.
У пачатку 2017 года стала вядома, што беларускія ўлады планавалі пабудаваць у Курапатах акрамя рэстарана яшчэ і бізнэс-цэнтр, для чаго ахоўная зона комплексу зноў была зменшаная. Але актывістам пры дапамозе пікетаў ўсё ж удалося абараніць мемарыял ад новай будоўлі.
Нагадаем, што 4 красавіка ўлады знішчылі крыжы па перыметры Курапатаў - месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Актывісты паведамляюць, што было знішчана і вывезена блізу 100 крыжоў.
1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.
Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч заклікаў выйсці ў нядзелю на малебен 7 красавіка а 12.00 на плошчу Свабоды ля Менскага Свята-Духавага Кафедральнага (праваслаўнага) Сабору.
Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец падтрымаў правядзенне набажэнства ў нядзелю каля Менскага Свята-Духавага кафедральнага сабора.
У набажэнстве ўзялі ўдзел больш за 1000 чалавек. Мікалай Статкевіч быў затрыманы перад пачаткам набажэнства.