BE RU EN

Беларускі гандбаліст Аляксандр Каршакевіч адзначае 60-годдзе

  • 6.04.2019, 13:33

Аляксандр Каршакевіч – адзін з гульцоў, з якім асацыявалася зорная эпоха менскага СКА.

Услаўленаму савецкаму і беларускаму гандбалісту, алімпійскаму чэмпіёну Сеула-1988 у складзе зборнай СССР, шматразоваму чэмпіёну СССР, трэнеру каманды "СКА-Менск" Аляксандру Каршакевічу сёння споўнілася 60 гадоў, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

Напярэдадні дня нараджэння ў штаб-кватэры НАК ва ўрачыстай абстаноўцы адбылася цырымонія ўзнагароджання спартоўца. Беручы пад увагу значны ўнёсак у развіцці алімпійскага руху, масавага спорту і спорту найвышэйшых дасягненняў, а таксама папулярызацыі гандболу ў Беларусі, віцэ-прэзідэнт НАК Сяргей Рэпкін павіншаваў юбіляра і ўручыў ганаровую грамату камітэта.

"Імя Каршакевіча вядомае не толькі ў нас у краіне, але і далёка за яе межамі. Я асабіста бачыў людзей, якія да гэтага часу проста захапляюцца вашай гульнёй. Тое, што вы рабілі на пляцоўцы, незабыўна", – адзначыў Сяргей Рэпкін.

Алімпійскі чэмпіён падзякаваў НАК Беларусі за высокую ацэнку ягонай працы.

«Самае галоўнае ў спорце – гэта сумленнасць. Спартоўцы павінны быць "чыстымі", імкнуцца да перамогі, і тады ўсё абавязкова атрымаецца. І важна любіць свой від спорту», – дадаў Аляксандр Каршакевіч.

Аляксандр Уладзіміравіч Каршакевіч нарадзіўся 6 красавіка 1959 года ў Ашмянах. Знакаміты беларускі гандбаліст, заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён XXIV Алімпіяды 1988 года ў Сеуле ў складзе зборнай СССР, срэбны прызёр XXII Алімпіяды 1980-га ў Маскве, уладальнік Кубка СССР 1980–1981 гадоў, чэмпіён СССР 1981, 1983–1984, 1987–1989 гадоў. Гэты ўнікальны спартовец першым прыдумаў і актыўна выкарыстаў кідок з "падкруткай", дзякуючы чаму мог закідваць мячы ў браму спаборніка практычна з "нулявога" кута.

Аляксандр Каршакевіч – адзін з гульцоў, з якім асацыяваліся зорная эпоха менскага СКА. З 1996 да 2007 года ён з'яўляўся старшым трэнерам нацыянальнай каманды Беларусі ў гандболе, галоўным трэнерам нацыянальнай каманды ў гандболе. Цяпер ён трэнер каманды "СКА Менск".

Апошнія навіны