Абаронім веру нашых продкаў
- БНК
- 6.04.2019, 8:27
Беларускі Нацыянальны Кангрэс заклікаў беларусаў выйсці на малебен у цэнтр Менска.
7 красавіка а 12-й у Менску ля Свята-Духава кафедральнага сабора на плошчы Свабоды пройдзе малебен за забітых у Курапатах і ў абарону хрысціянскай веры.
З ініцыятывай правядзення набажэнства выступіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікола Статкевіч, паведамляе прэс-служба БНК.
«Не сустракаючы адпору, самазванец ідзе ўсё далей. Цяпер, падчас Вялікага посту ён дэманстратыўна плюе на веру нашага народа.
Заклікаю тых, хто не хоча больш цярпець, сабрацца ў нядзелю 7 красавіка а 12-й на плошчы Свабоды ля менскага Свята-Духава кафедральнага сабора. Разам памолімся за збавенне нашай краіны ад злога і пакажам, што наша цярпенне ўжо на зыходзе.
Абаронім веру сваіх продкаў. Абаронім сябе. Абаронім Беларусь», – заявіў Мікола Статкевіч.
Правядзенне набажэнства падтрымалі іншыя вядомыя беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы.
На правядзенне набажэнства каля храмаў не патрабуецца дазвол уладаў.
Таксама лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч і Яўген Афнагель звярнуліся да кіраўнікоў Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў з просьбай пра сустрэчу для абмеркавання супольных намаганняў для спынення апаганьвання галоўнага сімвала хрысціянства.
«Са шкадаваннем і абурэннем мы даведаліся, што ўладамі знесеныя дзясяткі крыжоў, якія размяшчаліся вакол народнага мемарыяла расстраляным у Курапатах. Яшчэ большае абурэнне выклікае тое, што гэтае ганебнае дзеянне адбылося падчас Вялікага посту.
Барацьба ўладаў з крыжамі вяртае да памяці масавую і крывавую вайну камуністычнага рэжыму з рэлігіяй, якая каштавала жыцця і свабоды шматлікім тысячам святароў і вернікаў.
Мы мяркуем, што знос крыжоў на магілах нявінна забітых – недапушчальнае і абразлівае для хрысціянаў дзеянне.
Мы просім Вас пра неадкладную сустрэчу для абмеркавання супольных намаганняў цэркваў і грамадства, каб зрабіць такія дзеянні немагчымымі», – гаворыцца ў лісце.
Нагадаем, што 4 красавіка ўлады знеслі крыжы па перыметры Курапатаў.
Актывісты паведамляюць, што было знесена і вывезена блізу 100 крыжоў.
1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.
Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікола Статкевіч заклікаў выйсці ў нядзелю на малебен 7 красавіка а 12-й на плошчу Свабоды ля менскага Свята-Духава кафедральнага (праваслаўнага) сабора.
Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец падтрымаў правядзенне набажэнства ў нядзелю каля менскага Свята-Духава кафедральнага сабора.