BE RU EN

Ствараюцца ўмовы для канфіскацыі кватэр «дармаедаў»

  • 4.04.2019, 8:30

Дзеянні ЖКГ адкрываюць дарогу для сумнеўных махінацый.

Хатняя гаспадыня з Гомеля Марыя Тарасенка прынцыпова адмаўляецца прызнаваць сябе «не занятай у эканоміцы». Блізу дзесяці гадоў жанчына адпрацавала на швейных прадпрыемствах. Потым у сям'і пастанавілі, што Марыя будзе весці хатнюю гаспадарку. Для гомелькі стала шокам, калі ёй патэлефанавалі з «дармаедскай» камісіі і заявілі, што цяпер ейнай сям'і будзе налічаная падвышаная «камуналка».

Марыя наважыла судзіцца з чыноўнікамі, якія запісалі яе ў «дармаеды», і нават запатрабавала кампенсацыі за ўключэнне ў базу. 18 сакавіка суд Чыгуначнага раёна Гомеля адмовіў ёй у пазове, але гомелька і не думае здавацца.

Днямі, 1 красавіка, Марыя Тарасенка падала апеляцыйную скаргу ў абласны суд. Сайт Charter97.org надумаў звязацца з гомелькай і даведацца падрабязнасці:

- Ведаеце, я мяркую, што такія дэкрэты недапушчальныя. З пункту гледжання закона, маралі, логікі яны проста не маюць права на існаванне. Абзываць беспрацоўнага чалавека «дармаедам» і караць яго падвышанай «камуналкай» - гэта вар’яцтва. Інакш і не скажаш.

Як паказала пастанова суда Чыгуначнага раёна Гомеля, у нашай краіне дэкрэт Лукашэнкі ставіцца вышэй за Канстытуцыю, але гэта не падстава адступаць. Я дакладна пастанавіла, што трэба ісці далей. Акрамя ўсяго іншага, мая мэта — звярнуць увагу ўсіх на гэтую праблему: і беспрацоўных, і ўласнікаў жылля, і працаўладкаваных, і тых, хто знаходзіцца за мяжой.

Гэта, сапраўды, вельмі сур'ёзная праблема і адмахвацца, заплюшчваць вочы - недапушчальна. Трэба дзейнічаць і ісці напралом.

- Чаму вы надумалі дамагацца ад уладаў кампенсацыі за ўключэнне ў базу «дармаедаў»?

- «Дармаедская» камісія груба ўмяшалася ў жыццё маёй сям'і. Я сапраўды адчула маральныя пакуты пасля навіны, што мне трэба, як уласніку жылля, плаціць падвышаную камуналку. З якой гэта нагоды я павінна плаціць за тое, што мая сям'я прыняла такую пастанову і я стала хатняй гаспадыняй?

Гэта значыць, камісія мяркуе, што калі чалавек не ходзіць на нейкае прадпрыемства, то яго можна лічыць чалавекам іншага гатунку. Гэта ж нейкі СССР, калі праца лічыўся абавязкам. Такія вось «традыцыі» і цягнуць чыноўнікі ў сучасную Беларусь.

Проста, мне супраць май волі надумалі навязаць лад жыцця. Мы з мужам разважылі з прычыны пэўных жыццёвыя абставін, што я буду займацца хатняй гаспадаркай і вось за гэта камісія мяне надумала пакараць падвышанай «камуналкай». Як гэта назваць, калі не грубым умяшаннем, якое зрабіла пралом у сямейным бюджэце?

Варта адзначыць, што такія дэкрэты прымаюцца ў той час, калі ў нас раскіданая эканоміка. Прадпрыемствы не развіваюцца, а існуюць у тым выглядзе, у якім былі падчас Савецкага Саюза. Ды і падыходы тыя ж засталіся. Няма магчымасці прафесійнага росту, атрымання высокага заробку. Час мяняецца, а краіна не мяняецца.

Увогуле, у мяне адно жыццё і я хачу яго пражыць так, як бачу патрэбным, гэта маё права. Жыць паводле сцэнару ўладаў я не мае намеру.

Мне ў судзе даводзілі, што мяне трэба пакараць за тое, што я не працую. Ім кажаш, што парушаецца Канстытуцыя, міжнародныя нормы, ідзе грубае ўмяшанне ў асабістае жыццё, а ім усё адно.

Атрымліваецца, чыноўнікі паказваюць, як мне жыць, а мы з мужам не можам прымаць пастановы і планаваць сваё жыццё. Абсурд!

- Вы казалі, што вас запрашалі на пасяджэнне «дармаедскай» камісіі для разгляду вашай справы. Пойдзеце?

- Не. Чула я, як праходзяць гэтыя камісіі. 18 чальцоў камісіі сядзяць па перыметры кабінета, а пасярэдзіне крэсла для «дармаеда». Сапраўднае судзілішча! Нейкі 37-ы год.

Кожны чалавек сам выбірае, як яму паступіць. Можа хтосьці і ўдзельнічае ў такіх «мерапрыемствах», але я наважыла пайсці іншым шляхам. Я не бачу патрэбы туды ісці і даваць справаздачу - тлумачыць, чаму я не працую і даводзіць, што гэта маё канстытуцыйнае права.

У Беларусі людзі нават не хочуць рэгістравацца на біржы працы. Няма сэнсу. Беспрацоўны мае мізэрную дапамогу, а пры сённяшняй эканамічнай сітуацыі знайсці працу немагчыма. Нават калі нешта знаходзіцца, то гэта горкія капейкі і страшныя ўмовы працы.

Ведаеце, гэта проста бездань. Усё неяк перавярнулася з ног на галаву: белае стала чорным, а чорнае - белым. Да чаго ж мы дакаціліся?

- У вашым родным Гомелі ЖКГ выкладвае ў інтэрнэт адрасы і прозвішчы тых, хто завінаваціцца за камуналку. У гэтыя спісы, магчыма, патрапяць менавіта тыя людзі, якім налічылі падвышаную камуналку. Да чаго гэта можа прывесці?

- Ствараецца вельмі спрыяльная глеба для злоўжыванняў. Чалавекам, які не плаціць, могуць зацікавіцца людзі, якія не ў згодзе з законам. Мне тут распавялі, што база звестак «дармаедаў» абсалютна неабароненая. Можна проста набраць прозвішча і імя чалавека і адразу пабачыць, ці працуе ён, чым валодае, дзе прапісаны і гэтак далей.

Гэта абуральны выпадак і ЖКГ не робіць гонару, што яно пайшло такім шляхам. Невядома, што гэта спародзіць.

- Напрыклад, чорныя рыэлтары могуць зацікавіцца...

- Так, менавіта пра гэта я і кажу. Можа быць усё, што хочаш. Бачыце, у якой сітуацыі мы апынуліся... Не абароненыя ні перад чым. Можна ўсё даведацца і скарыстацца інфармацыяй далёка не ў добрых мэтах.

- У гэты месяцы пачалі прыходзіць «дармаедскія» рахункі. Як іх прынялі ў Гомелі?

- Людзі знаходзяцца ў шокавым стане. Па-першае, многія выявілі, што камуналка налічваецца невядомым чынам. Адкуль яны бяруць гэтыя лічбы? Алгарытм налічэння тарыфаў абсалютна незразумелы і непразрысты. У Баранавічах, напрыклад, рахунак некаторых павялічылі ажно ў 10 разоў – вар’яцкая лічба. Я загадзя ведала, што так будзе і трэба з гэтым нешта рабіць.

Людзі абураныя і тарыфамі, і самім дэкрэтам. Улада, на жаль, не здабывала ніякага ўроку з масавых пратэстаў вясной 2017 года супраць дэкрэта. Цяпер будзем глядзець, што будзе далей.

На мой погляд, у рэгіёнах рэагуюць больш востра, чым у Менску. Чым меншы горад, тым гэта больш прыкметна. У тых жа Баранавічах кожны 15 жыхар названы «дармаедам» - сур'ёзная лічба. Не думаю, што гэтыя людзі задаволеныя.

Афіцыйна ў Беларусі ўсё добра і гладка, а напраўду бушуе прыхаванае беспрацоўе. Рэальнае жыццё і афіцыйная статыстыка не стыкуюцца. Увогуле, вельмі моцна людзі абураныя. Нават працоўныя, бо ніхто не застрахаваны ад страты працы.

Я хачу звярнуцца да беларуса і сказаць, што не трэба баяцца, а трэба развязваць праблемы.

Мы ўжо ўперліся ў такое беззаконне, што далей няма куды. Дэкрэт аб «дармаедах» - гэта праблема ўсёй краіны, многіх беларусаў. Бо не проста чалавек атрымлівае падвышаны рахунак, а гэта адбіваецца на ўсёй яго сям'і, блізкіх, якія пакутуюць. Скарачаецца сямейны бюджэт.

Нельга маўчаць! Дайце беларусам жыць камфортна на сваёй зямлі!

Апошнія навіны