BE RU EN

На Чарнобыльскай АЭС пачалі пробную эксплуатацыю ахоўнага саркафага

  • 26.04.2019, 16:59

Задача пробнай эксплуатацыі - пераканацца ў належнай працы абсталявання.

На Чарнобыльскай АЭС пачалася пробная эксплуатацыя «новага бяспечнага канфайнмента» (НБК) - ахоўнага саркафага, усталяванага над разбураным чацвёртым блокам станцыі. Пра гэта дзяржаўнае агенцтва Украіны ў кіраванні зонай адчужэння паведаміла на сваёй старонцы ў сацсетцы Facebook у чацвер, 25 красавіка, напярэдадні 33-й гадавіны аварыі на ЧАЭС, піша «Нямецкая хваля».

У рэжыме пробнай эксплуатацыі, якая пачалася 22 красавіка, усе сістэмы будуць працаваць у праектным рэжыме цягам 72 гадзін. Задача пробнай эксплуатацыі - пераканацца, што ўсё абсталяванне выконвае свае функцыі, адзначаецца ў паведамленні. Акрамя гэтага, праца ў такім рэжыме дазволіць праверыць узровень кваліфікацыі персаналу.

Дэмантаж канструкцый аб'екта «Сховішча»

Пасля заканчэння пробнай эксплуатацыі пачнецца доследна-прамысловая эксплуатацыя. Для гэтага ЧАЭС неабходна атрымаць адпаведны дазвол на падставе дакументаў, складзеных пасля пробнай эксплуатацыі. Доследна-прамысловая эксплуатацыя будзе доўжыцца не больш за адзін год, пасля чаго ЧАЭС атрымае ліцэнзію і прыступіць да эксплуатацыі НБК і дэмантажу нестабільных канструкцый аб'екта «Сховішча», гаворыцца ў паведамленні.

Будаўніцтва і мантаж НБК каштавалі 2 млрд еўраў

Зборка новага саркафага пачалася ў 2012 годзе. У кастрычніку 2015 года дзве паловы аркі былі злучаныя ў адзіную канструкцыю, а ў лістападзе 2016 года арку пасля канчатковага мантажу ўсталявалі над зруйнаваным чацвёртым энэргаблокам Чарнобыльскай АЭС. Кошт будаўніцтва і мантажу ахоўнай канструкцыі складае блізу 2 мільярдаў еўраў. У фінансаванні праекта ўзялі ўдзел сорак краін.

Апошнія навіны