Менчукі скардзяцца на пах гару ў розных раёнах горада
- 25.04.2019, 10:39
Што адбываецца?
У рэдакцыю tut.by з раніцы паступаюць паведамленні аб паху гару ў розных раёнах Менска.
«Добры дзень. Я чалавек цярплівы, але гэтай раніцай стаў амаль задыхацца ад з'едлівага паху дыму ў паветры. Адвёў дачку ў садок, там усе дзеці труць вочы, кашляюць, у некаторых апухлі насы. Сеў на ровар, аб'ехаў сектар Сухарава/Паўднёвы Захад - усюды гар канцэнтраваны. Што здарылася?» - напісаў у рэдакцыю tut.by чытач.
Паведамляецца пра пах гару ў раёне чыгуначнага вакзала, Камсальскага возера, Уручча, Пушкінскай.
У афіцыйным запісе МНС у Twitter адзначаецца, што каля Менска пажараў у экасістэмах не зафіксавана.
«Паступаюць пытанні пра пах гару. Каля Менска пажараў у экасістэмах не зафіксавана. Калі хтосьці бачыць такі пажар - неадкладна тэлефануйце нам па нумары 112 або 101», - паведамілі ў ведамстве.
Нагадаем, у чатырох раёнах Менскай вобласці 24 красавіка праз складаныя варункі надвор'я ўвялі забарону на наведванне лясоў.
Як паведамляюць выратавальнікі, за мінулы дзень у Беларусі патушылі 87 пажараў у экасістэмах. Некаторыя трываюць і цяпер. З учорашняга дня тушаць буйны пажар у Столінскім раёне Берасцейскай вобласці.